7 жніўня 2020 года прадстаўнічая дэлегацыя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і беларускага таварыства “Уздым” пабывала ў гасцях у сваіх екабпілскіх сяброў – у беларускім таварыстве “Спатканне”, якое нядаўна пераехала ў новы офіс.
Спатканне значыць сустрэча. Сяброўскія партнёрскія сустрэчы беларусаў Даўгаўпілса і Екабпілса адбываюцца рэгулярна на рознага роду мерапрыемствах і сустрэчах – мы падтрымліваем цесныя культурныя сувязі, абменьваемся вопытам, выступленнямі творчых калектываў, спевакоў і паэтаў.
Екабпілчане традыцыйна выступаюць на фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, Днях беларускай культуры, юбілейных канцэртах, а даўгаўпілчане – пастаянныя ўдзельнікі “Свята бульбы”, свята народнага касцюма і іншых творчых мерапрыемстваў сваіх партнёраў. Таму мы з задавальненнем адправіліся ў няблізкі шлях, каб павіншаваць сваіх сяброў з наваселлем: хлебам-соллю, сардэчнымі пажаданнямі і ўпрыгожыць іх новы беларускі дом у Екабпілсе аўтарскай латгальскай керамікай.
Нашы партнёрскія сувязі правераныя часам, і радасцю, і горам. Прайшло 40 дзён, як не стала нязменнай заснавальніцы і кіраўніцы Екабпілскага беларускага таварыства “Спатканне” Валянціны Іванаўны Дорашчонак. Гэта быў чалавек з вялікай літары; вакол яе “круцілася” і кіпела бурнае жыццё ў беларускай суполцы. Яе раптоўны адыход з жыцця стаў вялікай стратай не толькі мясцовага грамадства, але і ўсіх беларусаў Латвіі. Таму наша дэлегацыя пабывала на могілках, дзе пахавана В.Дорошчонак, усклала кветкі, у малітве выказала сваю журбу і смутак.
Але жыццё працягваецца, нягледзячы ні на што. І мы жадаем сваім сябрам, каб новы дом стаў для іх тым родным кутком, дзе свята захоўваюцца беларускія традыцыі і звычаі, дзе кожны знойдзе сабе занятак па душы, дзе будуць панаваць творчая атмасфера, згода, паразуменне, спрадвечна беларуская гасціннасць, дабрабыт і, вядома ж, здароўе.
З наваселлем, сябры!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК