3-4 ліпеня 2020 года ў Вентспілсе па запрашэнні мясцовага беларускага таварыства “Спадчына” пабывала творчая дэлегацыя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Галоўнай мэтай паездкі і абмену вопытам стаў удзел ансамбляў “Пралескі” і “Лянок” у Купальскім вечары, прымеркаваным да XVI фестывалю Дзён беларускай культуры “Ад Ліга да Купалы”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/404-belaruskae-svyata-ventspilse-sabrala-narod-u-kupalski-karagod#sigProId0f9ff6adbe
Ад Ліга да Купалы – час, калі кветкі і травы найбольш поўныя гаючай сілы, час самых доўгіх дзён і самых кароткіх начэй. Многія купальскія звычаі і абрады нагадваюць, а то і паўтараюць лігаўскія.
У Вентспілсе славянскія традыцыі святкавання Івана Купалы адраджае беларускае таварыства “Спадчына”, якое ўжо шаснаццаць гадоў запар праводзіць свята “Ад Ліга да Купалы”.
Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Васіль Марковіч у сваёй прамове адзначыў важнасць папулярызацыі народных традыцый і абрадаў для захавання самаідэнтычнасці беларускага народа і павіншаваў усіх з Днём незалежнасці РБ. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская ўручыла В.Марковічу святочны кошык з кветкамі, павіншавала суайчыннікаў з дзяржаўным святам, а таксама падзякавала арганізатарам за запрашэнне на фестываль.
У гэтым годзе адсвяткаваць Купалле разам з беларусамі з Латвіі і Літвы ўпершыню прыехалі калектывы ЦБК. Самабытна выкананыя “Лянком” беларускія танцы і карагоды, кранаючыя за душу песні “Пралесак”, майстар-клас займальных купальскіх гульняў для гледачоў, нікога не пакінулі абыякавымі. І гэта не выпадкова, бо ў Даўгаўпілсе правядзенне беларускага Купалля ўжо стала традыцыйным і выканальніцкае мастацтва назапашана гадамі.
Акрамя самога канцэрту, было яшчэ шмат цікавых падзей. Знаёмства з Вентспілсам уразіла асабліва – шмат хто проста закахаўся ў гэты невялікі, утульны партовы горад Латвіі ў вусці ракі Вента на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. І хоць экскурсія праходзіла пад праліўным дажджом, гэта ніяк не сапсавала настрой падарожнікаў, а нават наадварот. Стары горад у цэнтры з Ратушнай і Рынкавай плошчамі, акружанымі брукаванымі вулачкамі са складскімі будынкамі XVII стагоддзя, замак Лівонскага ордэна XIII стагоддзя, сучасная набярэжная са шматлікімі фантанамі і знакамітымі скульптурамі кароў – усё выклікала вялікую цікавасць. Затое мора сустрэла прамяністым сонцам, ласкавым ветрыкам, высокімі хвалямі, цёплымі пясчанымі дзюнамі і, вядома ж, марскі купальны сезон быў адкрыты.
Таму мы не развітваліся з горадам, а ад'язджалі з надзеяй вярнуцца сюды зноў!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст ЦБК