Традыцыйна ў пачатку ліпеня беларусы Даўгаўпілса дораць гараджанам святочны канцэрт, прысвечаны беларускаму народнаму святу “Купалле”. У гэтым годзе канцэрт прайшоў у рэжыме онлайн. 7 ліпеня 2020 года на платформе Youtube, а таксама на афіцыйнай старонцы Цэнтра беларускай культуры ў Facebook з'явіўся відэазапіс канцэрта “Беларускае Купалле”.
У гэтым годзе з-за абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каронавіруса, народнае свята “Купалле” у Даўгаўпілсе прыйшлося перанесці ў інтэрнэт. Аднак канцэрт і свята ў Цэнтры беларускай культуры адбыліся: творчыя калектывы сабраліся для відэазапісу, каб падарыць гледачам святочны настрой.
Замест жывых выступленняў вы зможаце ўбачыць на экранах сваіх манітораў калектывы ЦБК: ансамбль народнай песні “Купалінка” (кіраўнік В.Пятроў), дзіцячую студыю “Скарбніца” (кіраўніца Н.Лукашонак), танцавальны ансамбль “Лянок” (кіраўніца М.Медунецкая), харавую капэлу “Спадчына” (кіраўніца Я.Юзэфовіч) і вакальны ансамбль “Пралескі” (кіраўніца Н.Лукашонак), а таксама вядучую – Жанну Раманоўскую, кіраўніцу ЦБК. Народныя матывы, любімыя песні і танцы, а таксама купальскія гульні – усё гэта вы зможаце ўбачыць у рэжыме онлайн.
Для калектываў Цэнтра беларускай культуры запіс канцэрта стаў святочнай падзеяй, так як дадзенае мерапрыемства сабрала самадзейных артыстаў пасля працяглага каранціннага перапынку.
Спадзяёмся, што канцэрт “Беларускае Купалле” пакіне прыемныя ўражанні і эмоцыі.
Паглядзець відэа можна на платформе Youtube: https://youtu.be/f4KuRtJLDe4
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры