23 чэрвеня пад Клайпедай “Аб'яднанне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы” на чале з ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь Мікалаем Логвіным пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Літве, арганізавала 1-ы фестываль “Купалле на беразе Балтыйскага мора”, у якім прыняў удзел і ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/400-na-beraze-baltyjskaga-mora-azhyli-belaruskiya-kupalskiya-tradytsyi#sigProId8ad0981426
Купалле – здаўна вядомае на тэрыторыі Беларусі свята, якое адзначаецца ў ноч з 6-га на 7-га ліпеня, хоць многія да гэтага часу аддаюць перавагу святкаваць па старым стылі – 23 чэрвеня. Акрамя беларусаў, многія народы адзначаюць свята, звязанае з летнім сонцастаяннем: рускія, украінцы, балты. Але ў найбольш архаічным выглядзе святкаванне Івана Купалы захавалася менавіта ў беларусаў.
У маляўнічым кутку літоўскай зямлі беларускае Купалле сабрала суайчыннікаў замежжа з берагоў Балтыкі: Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. 10 аматарскіх творчых калектываў падарылі ўдзельнікам і гледачам фестывалю яркі і насычаны канцэрт з інтэрактыўнай праграмай. Спявалі песні і танцавалі, вадзілі карагоды, ладзілі гульні, запальвалі вогнішча і скакалі праз агонь, плялі вянкі, варажылі і шукалі папараць-кветку. Па павер'ях, абрады ў чароўную купальскую ноч ачышчаюць цела і душу.
Шматлікіх гасцей і гледачоў цёпла віталі пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Валерый Бараноўскі, ганаровы консул РБ у Літве Мікалай Логвін, прадстаўнікі мясцовага самакіравання.
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская сардэчна падзякавала арганізатарам фестывалю за цёплы прыём, выказала надзею на далейшае супрацоўніцтва і ўручыла гасцінным гаспадарам латгальскія сувеніры ручной работы.
Ансамбль “Купалінка” прыняў самы актыўны ўдзел у грандыёзным свяце: спявалі купальскія карагодныя і жартоўныя песні, правялі з гледачамі народныя гульні: “Явар, яваровы людзі” і “Падушачка”, сплялі вялікі купальскі вянок, праз які потым усё імкнуліся прайсці, каб загадаць патаемнае жаданне. У ліку купальскіх песень прагучала латгальская народная “Auga, auga ružeņa” у перакладзе на беларускую мову Станіслава Валадзькі. Паэт таксама прачытаў свой верш “Купальская ночка”.
Купалле на беразе Балтыйскага мора вылілася ў яркі, вясёлы, незабыўны фестываль з непаўторнай атмасферай чароўнага свята і цудоўнага настрою.
На наступны дзень сябры з Клайпеды арганізавалі для дэлегацыі з Даўгаўпілса вельмі цікавую экскурсію па сваім утульным горадзе. Скарбонка самых разнастайных і пазітыўных уражанняў ад купальскага свята папоўнілася новымі цікавымі адкрыццямі ад павольнай прагулкі па старадаўнім горадзе, а працяглая марская паездка на прагулачным карабліку зарадзіла пазітывам і бадзёрасцю, напоўніла сэрца радасцю і жаданнем пераменаў. Да новых сустрэч на беразе Балтыйскага мора!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст ЦБК