22 красавіка 2016 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася сустрэча з вядомым беларускім краязнаўцам, пісьменнікам і выдаўцом Міхасём Казлоўскім і прэзентацыя новай кнігі «Выбраныя творы Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай». У супрацоўніцтве з Сяргеем Панізнікам М.Казлоўскі адчыняе шырокаму колу чытачоў імёны літаратараў беларускага паходжання міжваеннай Латвіі.
Жыццёвым крэда Міхася Казлоўскага з'яўляецца вяртанне імён незаслужана забытых асобаў. Ён вывучае архіўныя дакументы і літаральна па крупіцах збірае матэрыялы аб тых пісьменніках, мастаках, літаратарах, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры, якія, на думку аўтара, незаслужана забыты. Усё, што ён робіць, ён робіць з вялікай любоўю, укладаючы ў працу сваю душу. «Да людзей патрэбна звяртацца з любоўю. Працуўце і любіце. Я люблю тых людзей, пра якіх пісаў. Гэта геніі, геніяльныя людзі! - гаворыць пісьменнік. - У нас ёсць свае героі, нявыдуманыя, тыя, пра якіх мы павінны ведаць».
У супрацоўніцтве з вядомым беларускім пісьменнікам, публіцыстам і ўкладальнікам Сяргеем Панізнікам былі выданы «Выбраныя творы Віктара Вальтэра», «Выбраныя творы Вольгі і Сяргея Сахаравых» (прэзентацыя гэтай кнігі прайшла ў ЦБК у канцы 2015 года). І вось у красавіку гэтага года выйшла чарговая кніга - «Выбраныя творы Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай», якую і прадставіў на суд даўгаўпілскіх чытачоў адзін з яе ўкладальнікаў М.Казлоўскі. Ён расказаў аб гісторыі стварэння кнігі, аб яе аўтарах - ураджэнцах Латгаліі, выпускніках Лудзэнскай і Даўгаўпілскай беларускіх гімназій, распявёў аб іх нялёгкім, часта трагічным лёсе, зачытаў адрывак з кнігі.
Творы П.Масальскага (Пятро Сакол) – аўтара зборніка вершаў «На сьвітаньні», перакладчыка дайнаў і латышскіх народных казак і В.Казлоўскай (Лясная Кветка) - паэткі, пісьменніцы, фалькларысткі, публікаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях міжваеннай Латвіі.
М.Казлоўскі таксама прадставіў слухачам некалькі сваіх кніг. Вельмі крануў усіх расказ пра кнігу «Цяпло айчынных камянёў», у якой аўтар успамінае расказы сваёй маці, пачутыя ў далёкім дзяцінстве. А яшчэ вельмі цікавым аказалася знаёмства з кнігай «Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак», у якой аўтар прывёў шмат цікавых фактаў з жыцця пісьменніка, паэта, мастака Я.Драздовіча, на жаль, незаслужана забытага.
Дырэктар ЦБК Жана Раманоўская ад усяго сэрдца падзякавала госцю за цудоўную прэзентацыю, за тую сапраўды тытанічную працу, накіраваную на захаванне багацейшай культурнай спадчыны беларусаў, адзначыла, што вялікае шчасце, што Міхась Міхасевіч адшуквае тое, што не паспелі спаліць і знішчыць.
Былі зачытаны прывітальныя словы ад Лудзэнскага музею: «Мы по праву гордимся тем, что первые стихотворные произведения, написанные этими поэтами еще в школьные годы, были изданы в Люцинской беларусской гимназии еще в 1924 году. Стихотворения Петра Масальского (Петр Сакол) и поэзия и проза Валентины Козловской были напечатаны в сборнике ученических произведений Государственной Люцинской беларусской гимназии "Ластаўка". Издание гимназии, Люцин. - 1924 год. Поэзия Петра Масальского и проза Валентины Козловской не забыта и в наши дни. На мероприятиях, организованных Лудзенским обществом беларусской культуры "Крыніца", обязательно звучит стихотворение П.Масальского "Люцынскi замак", а также с учениками Лудзенской средней школы №2 мы ставили спектакль по произведению В.Козловской "Падкурыла". Изданный сборник произведений П.Масальского и В.Козловской - это прекрасная возможность познакомиться с другими, еще неизвестными нам произведениями этих авторов. Сердечно благодарим С.Панизника и М.Козловского за проделанный ими огромный труд, благодаря которому увидел свет этот литературный сборник, за их любовь и преданность беларусской культуре».
М.Казлоўскі падараваў новае унікальнае выданне аб земляках ЦБК і Лудзэнскаму музею. У сваю чаргу, беларускага даследчыка вельмі зацікавіла газета «Уздыма», якая адлюстроўвае дзейнасць таварыства і Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе за 2015 год. Ён павёз у Беларусь падараваныя пілотныя экзэмляры газеты.
С.Панізнік, знаходзячыся ўдалечыні ад радзімы, прыслаў свой верш, прысвечаны калегу Міхасю Казлоўскаму пад назвай «Кніжны плытагон»:
Кніжны плытагон
Не з роду асначоў,
а кніжным плытагонам
ён славіць крывічоў.
Міхась жыве між птушак.
Разбуджаныя ім,
яны вяртаюць душы
на продкавы кілім.
Ён ажыўляе позвы,
каб жыццяпісаў стос
не засмакталі освы…
Наш Мацярык пад знос
не пойдзе! Служыць кніжнік
у Памяці ганцом
і грэе свет нябліжні
пад вокладкай-вянцом.
З яго куфэркаў скарбы
і Дзвінск прыняць гатоў:
шануе горад фарбы
разбуджаных гадоў…
Хай будзе вербна, свечна
ў абдымках Міхася,--
каб стала Кнігай Вечнай
і Беларусь уся!
Прысутных на сустрэчы ахапіла шмат пачуццяў, розных і новых. Аб гэтым гаварыла Нона Ахметулаева, унучка знакамітага Сяргея Сахарава, член рыжскага беларускага таварыства «Світанак», якая спецыяльна прыехала з Рыгі на сустрэчу.
Член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерый Амбросаў уручыў госцю кнігу «Прамень» аб дзейнасці беларусаў Латвіі.
Член краслаўскага беларускага таварыства «Вясёлка» і педагог школы «Варавиксне» Аляксандр Клімаў выказаў словы захаплення. Ён павёз у Краславу падарунак школе – кнігу Сахаравых.
Член даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Тэрэза Паўлава ўручыла госцю кнігу «Уздым» на пачатку 21-га стагоддзя».
М.Казлоўскі вёў свой аповяд на выдатнай літаратурнай беларускай мове. Ды так захапіў сваім займальным расповедам тых, хто сабраўся на прэзентацыі, што слухачы не заўважылі, як прабег час. І хацелася слухаць яшчэ і яшчэ. Самае каштоўнае, што магчыма ўзяць ад сустрэчы з такім цікавым чалавекам – гэта падхапіць яго натхненне, жаданне стаць лепшым, чым ты ёсць, памятаць і берагчы тую багатую спадчыну, якая дасталася нам ад продкаў.
Што заінтрыгавала? Творчыя планы творчага дуэта М.Казлоўскі – С.Панізнік. Яны зноў рыхтуюць новую кнігу, і зноў пра беларускіх дзеячаў даваеннай Латвіі, пра Даўгаўпілскую беларускую дзяржаўную гімназію. Таму ўвесь наступны дзень пісьменнік у суправаджэнні гісторыка-краязнаўцы Мікалая Паўловіча, Н.Ахметулаевай і Ж.Раманоўскай наведваў мясціны ў горадзе, звязаныя з гісторыяй беларусаў, вывучаў рэдкія кнігі з калекцыі М.Паўловіча, сустракаўся з нашчадкамі вядомых беларусаў таго часу.
На фотаздымках:
1. Міхась Казлоўскі
2. Вокладка кнігі
3. Унучка С.Сахарава дзякуе выдаўцу за кнігу пра знакамітага дзеда