Навукова-пазнавальная акцыя “Беларускія геніі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) увайшла ў лік лепшых праектаў, рэалізаваных у 2019 годзе беларусамі замежжа, і адзначана Дыпломам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 2019 годзе – у Год малой радзімы ў Беларусі, у ЦБК на працягу ўсяго года прайшоў шэраг разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на знаёмства жыхароў Латвіі з вядомымі беларусамі, якія ўслаўлялі Беларусь на міжнародным узроўні у розных галінах – прасветніцтве, літаратуры, мастацтве, музыцы, спорце, космасе, палітыцы, навуцы.
Акцыя “Беларускія геніі” адпавядала мэтам, задачам і ўмовам конкурсу на лепшыя дасягненні ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў па папулярызацыі беларускай культуры ў краінах пражывання беларускай дыяспары, таму была заяўлена на конкурс “Культура”. Вынік – высокая адзнака Беларусі.
“Вельмі прыемная навіна прыйшла з Мінска, цяпер будзем чакаць, калі ўзнагарода прыбудзе ў Даўгаўпілс. Гэта наша агульная перамога, бо цэлы год мы ладзілі імпрэзы разнастайнага фармату пра славутых беларусаў усе разам – адміністратыўна-метадычны апарат, аматарскія артысты і кіраўнікі творчых калектываў Цэнтра беларускай культуры, актывісты Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, консулы Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе. Для нас – гонар атрымаць высокую адзнаку этнічнай Радзімы,” – адзначыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.
Годам раней таксама ў лік пераможцаў конкурсу “Культура” трапіў праект ЦБК “Беларускі куфар”, атрымаўшы ва ўзнагароду Дыплом і беларускія нацыянальныя сувеніры.
Инфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры