4 сакавіка 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася выстава рукадзелля беларускіх майстрых “Вясенні настрой”, на якой прадстаўлены тканыя, звязаныя пруткамі і кручком умелымі рукамі мам і бабуль вырабы.
Выставы падобнага роду даўно практыкуюцца і праводзяцца на базе ЦБК. Тут неаднаразова праводзіліся творчыя майстэрні і выставы нашых майстрых-умеліц, якія з'яўляюцца членамі творчых калектываў і беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.
Бо беларускія жанчыны заўсёды славіліся сваім уменнем не толькі быць сапраўднымі гасціннымі гаспадынямі, але і ўменнем упрыгожыць свой дом і побыт прыгожымі рукотворнымі прадметамі: тканымі пакрываламі, вышытымі ручнікамі і фіранкамі, вязанымі абрусамі, сурвэткамі, каўнерыкамі, сумачкамі, зробленымі ўручную кветкамі і многім іншым .
Уся гэта рукатворная прыгажосць паўстала для наведвальнікаў установы напярэдадні жаночага свята – 8 сакавіка. І, адпавядаючы сваёй назве, стварае выдатны вясновы настрой усім, хто заходзіць у гасцінны Беларускі дом. Бо ўсе гэтыя прыгожыя, яркія і арыгінальныя рэчы захоўваюць дабрыню і шырату душы, цяпло рук і сардэчнасць беларускай жанчыны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК