Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар узнагародзіў Ганаровай граматай даўгаўпілчанку Яніну Юзэфовіч – за значны асабісты ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры за мяжой.
Яніна Антонаўна Юзэфовіч нарадзілася ў Браслаўскім раёне (Беларусь), па адукацыі – музычны педагог і дырыжор, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Усё сваё працоўнае жыццё навучала музыцы і спеву школьнікаў. Шмат гадоў працуе кіраўніцай харавой капэлы “Спадчына” Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілскай гарадской думы і кіраўніцай вакальнага ансамбля Славянскага таварыства “Узоры” г.Ліваны. З'яўляецца актыўным членам Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, стаяла ля вытокаў беларускага грамадскага руху ў Даўгаўпілсе.
Ні адно мерапрыемства беларусаў у Даўгаўпілсе не абыходзіцца без Я.Юзэфовіч, якая ўносіць у іх свой бясцэнны вопыт, ідэі, інтэлігентнасць. Педагог самазабыўна папулярызуе беларускую песню і беларускую мову ў шматнацыянальным Даўгаўпілсе.
Ганаровую грамату Міністэрства культуры РБ Яніне Юзэфовіч 22-га лютага ўручылі прадстаўнікі Пасольства Беларусі ў Латвіі на святочным канцэрце з нагоды 20-годдзя Славянскага таварыства “Узоры” у Ліванскім Цэнтры культуры.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская