21 лютага 2020 года Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) упершыню арганізуе міжнародную канферэнцыю – “Беларускія чытанні”, у якой прымуць удзел навукоўцы і даследчыкі з Латвіі і Беларусі. Мерапрыемства новага фармату прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы.
Мэта канферэнцыі “Беларускія чытанні” – вывучэнне культурных сувязяў Латвіі і Беларусі, гісторыі беларускай дыяспары Латвіі, наладжванне сувязяў з навукоўцамі і даследчыкамі, якія працуюць у гэтых напрамках.
Тэмы дакладаў навукоўцаў будуць цікавыя шырокаму колу слухачоў. Напрыклад, вам вядома, што ў латгальскага буквара беларускія карані, а беларускі буквар друкаваўся ў Латвіі? Пра гэта раскажа намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Тэму беларускіх школ у сістэме адукацыі ў міжваенны перыяд у Латвіі раскрые прафесар Даўгаўпілскага універсітэта Ірэна Саленіецэ. Слухачы адкрыюць для сябе іншага Райніса – як абаронцы беларускай культуры; даведаюцца аб некаторых аспектах паўсядзённага жыцця беларусаў у ваенны час, і што пра гэта пісала акупацыйная прэса; а таксама аб дыялогу культур беларусаў і латышоў – у архетыпах, міграцыі, рэлігіі, адукацыі.
Паколькі канферэнцыя праходзіць у Міжнародны дзень роднай мовы, то ў Даўгаўпілсе зноў напішуць дыктоўку па беларускай мове. У фармаце онлайн адначасова на сувязі будуць Рыжская беларуская асноўная школа імя Я.Купалы, Вільнюсская беларуская гімназія імя Ф.Скарыны і Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры, разам з дыпламатамі Беларусі. Відэаўрок пачнецца ў 13:00. Далучайцеся!
На працягу ўсёй канферэнцыі будзе працаваць анімацыйная праграма з Полацка – “У кнігадрукара”. Кожны жадаючы зможа на станку зрабіць адбітак карцінкі, як у даўнія часы працавалі супрацоўнікі друкарняў.
Завершыць канферэнцыю “Беларускія чытання” канцэртна-выставачны блок (пачатак у 17:30). Адбудзецца адкрыццё перасовачнай літаратурнай выставы пра творчасць Уладзіміра Караткевіча (1930-1984) з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускі літаратуры (Мінск), з якім у ЦБК ёсць пагадненне аб супрацоўніцтве. Пісьменнік любіў гасцяваць у Латвіі, дзе жылі ягоныя сябры, і нават прысвяціў ёй “Казкі янтарнай краіны”. І гэта – выдатная нагода, каб абвясціць конкурс дзіцячых малюнкаў. Старт яму дасць канферэнцыя “Беларускія чытанні”, а падвядзенне вынікаў, узнагароджанне і адкрыццё выставы малюнкаў пераможцаў адбудзецца ў лістападзе, да 90-годдзя класіка беларускай літаратуры У.Караткевіча.
Канцэртнае афармленне выставе забяспечаць эцюд тэатральнай студыі “Паўлінка” і песні ў выкананні ансамбляў “Купалінка”, “Пралескі”, “Спадчына”.
Канферэнцыя “Беларускія чытанні” адбудзецца ў пятніцу, 21 лютага 2020 года, у Цэнтры беларускай культуры (вул.Алеяс, 68). Пачатак у 10.00.
Уваход вольны.У час мерапрыемства вядзецца фота і відэаздыманне.