30 лістапада 2019 года ў Рызе прайшоў XXVII Фестываль мастацтва нацыянальных меншасцяў “Адзіныя ў разнастайнасці-2019” (Vienoti dažādībā), у якім упершыню прыняў удзел вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), які з годнасцю прадставіў беларускую дыяспару Латвіі.
Фестываль “Адзіныя ў разнастайнасці” ужо ў 17 раз арганізоўвае Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч (АНКОЛ). Галоўнай мэтай і ідэяй гэтага фестывалю, як і ўсёй асацыяцыі, з'яўляецца згуртаванасць грамадства і інтэграцыя. Ідэйным натхняльнікам і патронам фэсту з'яўляецца латвійскі піяніст армянскага паходжання, прафесар, кавалер латвійскага ордэна Трох зорак, а таксама старшыня АНКОЛа Раффі Хараджанян. У рамках фестывалю праходзяць шматлікія выставы карцін і графікі, камерныя канцэрты класічнай музыкі, сустрэчы з пісьменнікамі, відэалекцыі, а таксама гала-канцэрт, які становіцца галоўнай падзеяй фестывалю.
30 лістапада ў зале Дзіцячай музычнай школы імя Павула Юр’яна адбыўся яркі і маляўнічы гала-канцэрт фестывалю “Адзіныя ў разнастайнасці-2019”, у якім прынялі ўдзел калектывы розных нацыянальнасцяў: рускія, бурацкія, удмурцкія, украінскія і ўзбекскія. Беларускую культуру на фестывалі прадставіў вакальны ансамбль ЦБК “Пралескі” (мастацкі кіраўнік Настасся Лукашонак), які выканаў дзве завадныя беларускія народныя песні: “А ў садзе рэчанька” і “Каля млына”, а таксама жамчужыну рэпертуару ансамбля, песню на музыку Райманда Паўлса, словы Гунтарса Рачса – “Nekur nav tik labi kā mājās”, з перакладам на беларускую мову Станіслава Валодзькі –“Нідзе няма лепей, як дома”. За сваё душэўнае і энергічнае выступленне салісткі ансамбля “Пралескі” удастоіліся гучных апладысментаў і кветак.
Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку старшыні АНКОЛа Раффу Хараджаняну за запрашэнне на фэст “Адзіныя ў разнастайнасці”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры