Напярэдадні Новага года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася незвычайная мастацкая выстава “Зімовыя казкі ў паштоўках” вядомай даўгаўпілскай прафесійнай мастачкі Галіны Жэлабоўскай.
Галіна Жэлабоўская – ураджэнка пасёлка Слабодка, што на Браслаўшчыне, выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута, працуе ў 16 сярэдняй школе настаўнікай візуальнага мастацтва, член аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. Прымае актыўны ўдзел у працы Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, Асацыяцыі творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса “DINA-ART” і беларускага таварыства “Уздым”.
У ЦБК ужо неаднаразова праходзілі персанальныя выставы карцін Г.Жэлабоўскай, якія заўсёды выклікалі непадробленую цікавасць дзякуючы яе таленту, мастацкаму чуццю, творчай індывідуальнасці і непаўторнасці, гармоніі ліній і фарбаў.
На гэты раз выстава цікавая і незвычайная тым, што зімовыя пейзажы, матывы і сюжэты з казак прадстаўлены не ў карцінах, а невялікага памеру паштоўках. Заснежаныя вёсачкі і змёрзлыя рачулкі, казачны лес, ахутаны снежным покрывам, чырвоныя гронкі рабіны і чырвонагрудыя снегіры, бяздоннае зорнае неба і млечны шлях – вось толькі невялікі пералік таго, што ўбачыць і ацэніць кожны наведвальнік.
Азнаёміцца з выставай можна будзе да 31 студзеня 2020 года ў памяшканні ЦБК (з 9.00 да 17.00) па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А. Сардэчна запрашаем!
Уваход вольны!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A