18 снежня 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася мастацкая выстава карцін “Зімовых фарбаў чараўніцтва” Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, на якой прадстаўлены работы дзевяці мастакоў гэтай арганізацыі.
Асацыяцыя свабодных мастакоў Латгаліі была заснавана ў 2003 годзе. У цяперашні час у ёй налічваецца каля двух дзесяткаў прафесійных мастакоў і мастакоў-аматараў, з цікавымі і рознахарактарнасці працамі якіх знаёмыя аматары жывапісу як у Даўгаўпілсе, па ўсёй Латвіі, так і за яе межамі. Ужо шмат гадоў кіруе Асацыяцыяй актыўная, энергічная, поўная творчых ідэй прафесійная мастачка, член беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Марыя Сафронава.
Выставы мастакоў, як калектыўныя, так і персанальныя, неаднаразова праходзілі ў ЦБК. На дадзенай выставе карцін, па сваім характары вельмі рознапланавых, але звязаных агульнай зімовай тэматыкай, прадстаўлены работы 9 членаў арганізацыі: Марыі Сафронавай, Настассі Сазанковой, Еўфрасінні Лелэ, Маргарыты Лабанарскай, Руфіны Кантаніставай, Святланы Чарняевай, Маргарыты Трулэ, Ларысы Сяргеевай, Ларысы Радавай.
Кожны з прадстаўленых мастакоў – яркая і цікавая творчая асоба, якая валодае шматлікімі здольнасцямі і талентамі, мае свой мастацкі почырк і стыль. У гэтым змаглі пераканацца наведвальнікі выставы, на адкрыцці якой мастакі прадставілі свае карціны, сцісла распавялі пра сябе і свае захапленні. Настасся Сазанкова нават прачытала свае вершы пра надыходзячыя навагоднія святы, Каляды, натхненне і жывапіс.
Вечар атрымаўся вельмі разнастайным і цікавым. Песні ў выкананні ансамбля народнай песні “Купалінка”, вершы і бардаўскія кампазіцыі ў выкананні Анатоля Галера, займальныя апавяданні мастакоў дапаўнялі адзін аднаго і стваралі ўтульныя і хатнія перадсвяточныя абставіны. І хоць за акном стаіць зусім не зімовае надвор'е, наведвальнікаў выставы ахутала пахам снегу і марозу, закружыла ў карагодзе завіруха.
Кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская цёпла павіншавала прадстаўленых мастакоў, адзначыла пры гэтым, што трое з іх – М.Сафронава, Н.Сазанкова, Е.Лелэ, з'яўляюцца членамі “Уздыма”. Яна таксама падзякавала ўсім за плённае супрацоўніцтва і ўручыла кветкі і афішы выставы кожнаму ўдзельніку.
Азнаёміцца з выставай можна будзе да 29 лютага 2020 года ў памяшканні ЦБК (з 9.00 да 17.00) па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А.
Уваход свабодны!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A