23-24 чэрвеня 2019 года вакальны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры прыняў удзел у народным свяце Купалле ў Літве. У маляўнічым месцы пад Клайпедай мясцовае беларускае таварыства “Крыніца” штогод праводзіць свята летняга сонцавароту, збіраючы разам сяброў арганізацыі і запрашаючы сяброў.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/343-u-kupalskuyu-noch-praleski-varazhyli-na-lito-skim-beraze-baltyki#sigProId9d79b8a474
Беларускае таварыства “Крыніца” ужо шмат гадоў у канцы чэрвеня арганізуе Купалле – адно з самых старажытных і любімых народных святаў, прысвечаных сонцу. Яго асаблівая душэўная атмасфера і дзіўна прыгожы куток прыроды прыцягваюць людзей і становяцца для многіх беларусаў Літвы сямейнай традыцыяй. Яны прыязджаюць загадзя, сем'ямі, з дзецьмі, сябрамі. Надвор'е, як па замове, цешыла сонцам, спякотай і буйным красаваннем травы. На паляне чакала свайго часу рытуальнае вогнішча, у лесе хавалася папараць-кветка, а рака рыхтавалася прыняць купальскія вянкі.
Свята Купалля пачалося з прывітальных слоў ганаровых гасцей: Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры РБ, Цэнтра нацыянальных культур г.Клайпеды, Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.
Святочнае мерапрыемства вёў саліст Сяргей Шабадалаў (г.Вісагінас). Музычную частку свята адкрылі творчыя калектывы таварыства “Крыніца”: вакальны ансамбль “Купалінка” і дзіцячы ансамбль “Верасок”. Канцэртную эстафету гаспадары перадалі самым далёкім гасцям – з Даўгаўпілса. Вакальны ансамбль “Пралескі” (мастацкі кіраўнік Настасся Лукашэнак) выканаў некалькі яркіх песень пра прыроду, любоў, весялосць і быў адораны бурнымі апладысментамі гледачоў. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Дачка лесніка”. На свяце адбылася яшчэ адна сустрэча з даўнімі сябрамі – ансамблем “Паўлінка” Ліепайскай беларускай суполкі, які кожнае лета прыязджае на Купалле ў Клайпеду.
А затым пад запальныя песні закруціліся карагоды, захапілі танцы, гульні і конкурсы. Кульмінацыяй свята стала запальванне вялікага купальскага вогнішча, вакол якога сабраліся ўсе артысты і гледачы. Палымяны агонь уздымаў слупом іскры і выносіў у космас загаданыя жаданні, выконваючы сваю ачышчальную місію, а агульны карагод пад народную песню “Купалінка” ствараў магічную атмасферу.
На наступны дзень дэлегацыя з Даўгаўпілса знаёмілася з Клайпедай. Артысты нават выкупаліся ў Балтыйскім моры, дакладней у Куршскім заліве; назіралі, як яго перасякаюць паромы, вязучы турыстаў на Куршскую касу і вяртаючыся назад. Дарэчы, Клайпедскі порт – незамярзаючы і найбуйнейшы па тавараабароту порт краін Балтыі. Экскурсію па Клайпедзе гасцям праводзіў сам Мікалай Логвін, старшыня беларускага таварыства “Крыніца”, кіраўнік аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, ганаровы консул РБ у Клайпедзе. Ён займальна і з любоўю распавядаў гісторыю трэцяга па велічыні горада Літвы, заснаванага як Мемель. Прагулка па Старым горадзе нібы вяртала на стагоддзі таму: валы замка; будынкі ў стылях югенд, барока і неаготыка; утульныя вулачкі, брукаваныя каменем; аператары, якія ўручную разводзілі мост пад апладысменты турыстаў; мноства помнікаў, старадаўні паруснік на рацэ, яхты ў замкавым порце. І марскі вецер нашэптваў гасцям з Латвіі: вы абавязкова вернецеся ў гэты горад, куды заходзяць караблі з пунсовымі ветразямі!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жанна Раманоўская