22 лістапада 2019 года ў Даўгаўпілскім Арт-цэнтры імя Марка Роткі адкрылася выстава карцін класіка беларускага жывапісу Леаніда Шчамялёва.
Леанід Шчамялёў – народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат шматлікіх прэмій; узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Яго карціны знаходзяцца ў розных музеях Беларусі, у Траццякоўскай галерэі і прыватных калекцыях па ўсім свеце. Мастак і ў сталым узросце (а ён нарадзіўся ў Віцебску ў 1923 годзе) працягвае працаваць, але на адкрыцці экспазіцыі ў Даўгаўпілсе не змог быць.
Выстава карцін класіка беларускага жывапісу Л.Шчамялёва, якая адкрылася ў Даўгаўпілсе, стала першым сумесным праектам Арт-цэнтра імя Марка Роткі і Музея гісторыі горада Мінска. Пра працяг распачатага супрацоўніцтва гаварылі на ўрачыстасці віцэ-мэр Яніс Дукшынскі, генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, дырэктар Мінскага музея Галіна Ладзісава, дырэктар галерэі Аляксей Буруноў.
Музычнае афармленне мастацкаму мерапрыемству забяспечыў вакальны ансамбль “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры, які ў сваіх песнях уславіў прыгажосці беларускай прыроды, малой радзімы, чым дыхаюць карціны Л.Шчамялёва.
У Даўгаўпілсе выстаўлена больш за 20 карцін Леаніда Шчамялёва, якія можна паглядзець да 19 студзеня 2020 года. Абавязкова зрабіце гэта!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры