20-26 кастрычніка 2019 года ў Мінску адбылася творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў і арганізацый на базе ўстаноў культуры і адукацыі, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі. Вынікам навучання стала ўручэнне ўдзельнікам стажыроўкі сертыфікатаў ад Міністэрства культуры РБ, найбагацейшы метадычны матэрыял і новыя сувязі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/335-stazhyro-ka-minsku-natkhnyae-na-novyya-praekty#sigProIdffcb77b96a
У стажыроўцы ўдзельнічалі кіраўнікі ансамбляў і арганізацый беларусаў замежжа з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Украіны і Расіі, у ліку якіх былі кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская і намесніца старшыні “Уздыма” Таццяна Дзянісава.
Праграма стажыроўкі ахоплівала многія напрамкі багатай беларускай культуры: фальклор, вакал, харэаграфія, дэкаратыўна-прыкладную творчасць, лялечны тэатр, музычныя інструменты. Займальныя лекцыі і майстар-класы правялі спецыялісты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.
На адкрыцці міжнароднага семінара “Прэзентацыя беларускай нацыянальнай культуры ў краінах замежжа” удзельнікаў творчай стажыроўкі вітала намесніца міністра культуры Наталля Карчэўская. Акрамя беларусаў замежжа ў ім удзельнічалі кіраўнікі аматарскіх калектываў усіх абласцей Беларусі. Яны з цікавасцю слухалі расказы аб дзейнасці арганізацый суайчыннікаў замежжа. Шмат пытанняў было па дакладзе Ж.Раманоўскай пра ЦБК і “Уздым”, прэзентацыя якога адбылася першай і азнаёміла слухачоў з унікальным вопытам бюджэтнай установы беларускай культуры замежжа.
Удзельнікі стажыроўкі здзейснілі “Падарожжа ў мінулае” у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў в.Азярцо. Усяго паўгадзіны дарогі ад сталічнага мегаполіса, і нібы на машыне часу, трапляеш на стагоддзе назад, у сапраўдную беларускую вёску. Счарнелыя ад часу хаты з чаротавымі стрэхамі, свірны, калодзеж, царква, школа, млын, кузня, карчма – усе пабудовы аўтэнтычныя, прывезеныя з розных месцаў Беларусі. У гэтым музеі пад адкрытым небам асабліва востра разумееш, якой цяжкай была сялянская праца, як сяляне імкнуліся ўпрыгожыць прадметы паўсядзённага жыцця вышыўкай або роспісам, а ў святы вадзілі простыя карагоды, спявалі, танцавалі пад дуду.
Другое падарожжа беларусы замежжа здзейснілі ў старадаўні Ракаў, які мае статус аграгарадка. Праўда, на класічную вёску ён мала падобны, хутчэй, дагледжаны пасёлак гарадскога тыпу – школа, цэнтр народнай творчасці, мастацкая школа, царква, касцёл, магазіны, кафэ, новыя катэджы, дзве з паловай тысячы насельніцтва, і яно расце. Многія жыхары самарэалізуюцца ў мастацкай самадзейнасці, з'яўляюцца ўдзельнікамі заслужанага ансамбля “Гасцінец” або сямейнага калектыву “Крок”. Майстар-класы па беларускіх гульнях, танцах і народных спевах даставілі шмат радасці гасцям і выклікалі захапленне: людзі ў некалькіх пакаленнях жывуць у Ракаве, размаўляюць на роднай беларускай мове, ведаюць свой радавод і гісторыю сваёй вёскі, захоўваюць культуру і нясуць яе – з годнасцю, спакойна, натуральна.
Недалёка ад Ракава знаходзіцца пасёлак Івянец, дзе адраджаюць народныя традыцыі. У музеі традыцыйнай культуры прадстаўлены прадметы побыту беларусаў, а таксама ўзоры знакамітай мясцовай керамікі. Дарэчы, з гэтых месцаў родам Фелікс Дзяржынскі, уплывовы савецкі палітык, у музеі пра гэта таксама раскажуць. Удзельнікі стажыроўкі ў Івянцы навучыліся ляпіць свістульку з гліны, рабіць ляльку-абярэг, азнаёміліся з работай кузні і падрыхтоўкай страў беларускай кухні.
Выхаванню падрастаючага пакалення на традыцыях народнай беларускай культуры надаюць шмат увагі. У гэтым удзельнікі стажыроўкі пераканаліся, пабываўшы ў гімназіі №4 г.Мінска і цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”, дзе юныя таленты плятуць з саломы дзіўнай прыгажосці рэчы, спяваюць у фальклорным калектыве “Мілавіца”, танцуюць у заслужаным аматарскім фальклорным ансамблі “Берагіня”, займаюцца ў узорных ансамблях “Дзянніца” і “Сябрына”, дапамагаюць ствараць музейныя экспазіцыі пад кіраўніцтвам здольных педагогаў.
У вельмі шчыльным графіку стажыроўкі беларусы замежжа не толькі пабывалі ў храме Усіх Святых і ў гістарычным музеі, але таксама паспелі далучыцца да канцэртна-тэатральнаму рытму Мінска. Адны адкрылі для сябе нечаканую “Пінскую шляхту” у пастаноўцы Купалаўскага тэатра, другія ў філармоніі ўспаміналі спевака Якава Навуменку і слухалі ансамбль народнай песні “Бяседа”, трэція пайшлі ў оперу.
Праграма стажыроўкі была складзена настолькі прафесійна і разнапланава, што кожны яе ўдзельнік спасцігаў свой кірунак творчасці і нешта новае. Некаторыя ў літаральным сэнсе адкрылі для сябе Terra Incognita – невядомую зямлю Беларусь, бо ўпершыню прыехалі ў Мінск. Гэта ўсё актыўна абмяркоўвалі падчас круглага стала, дзе ім былі ўручаны сертыфікаты. Агульны фотаздымак застанецца на памяць, а новыя кантакты абавязкова спрацуюць – у паездках на фестывалі адзін да аднаго, абмене вопытам, сумесных праектах, на якія натхняюць атрыманыя веды і сардэчны прыём, паветра этнічнай радзімы і яе шчырыя людзі.
Творчую стажыроўку арганізаваў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Міністэрства культуры РБ у адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры