30 кастрычніка 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках навукова-пазнавальнага цыкла “Беларускія геніі” прайшло мерапрыемства, прысвечанае знакамітым беларускім палітыкам.
Тэме вядомых беларускіх палітыкаў прысвечана літаратурная выстава, што адкрылася ў ЦБК напярэдадні мерапрыемствы з серыі “Беларускія геніі”: кнігі, фатаграфіі, біяграфічныя даведкі.
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская адзначыла важную ролю палітычных дзеячоў у сучасным свеце і ўкладзе беларускіх палітыкаў у гістарычныя працэсы. Бясспрэчна, галоўны палітык дзяржавы – прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, ён кіруе Беларуссю ўжо 25 гадоў. Цікавыя факты з біяграфіі А.Лукашэнкі расказала метадыст Марыя Памецька.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на гэтай пасадзе восьмы год прадстаўляе краіну на міжнародным узроўні. Адзін са значных поспехаў – зняцце з Беларусі большасці санкцый ЕС. З біяграфіяй У.Макея слухачоў пазнаёміла Надзея Свірковіч.
Дыпламаты з'яўляюцца праваднікамі палітычнай лініі сваёй дзяржавы. Ганаровы госць вечара, консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Яўгенія Барткевіч распавяла пра тое, як абрала такую складаную і цікавую прафесію. Яе яна атрымала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце міжнародных адносін. У МЗС РБ Яўгенія Іванаўна працуе 11-ы год, упэўнена рухаючыся па кар'ернай лесвіцы. Магістр гістарычных навук, валодае рускай, беларускай, англійскай, іспанскай і літоўскам мовамі, узнагароджана медалём “100 гадоў дыпламатычнай службе Беларусі”. Займальны аповяд беларускага дыпламата выклікаў жывы водгук удзельнікаў мерапрыемства, таму пытанняў было вельмі шмат.
Яркія старонкі ў гісторыю і палітыку ўпісалі слаўныя сыны Беларусі Андрэй Грамыка, Пётр Машэраў, Кірыл Мазураў, Сяргей Прытыцкі. Пра іх падрыхтавалі апавяданні Валерый Амбросаў, Галіна Сантоцкая, Тэрэса Паўлава і Іна Валюшка.
Увайшоў у гісторыю і Станіслаў Шушкевіч, чый подпіс стаіць пад гістарычным дакументам, які спыніў існаванне вялікай дзяржавы – СССР.
Яшчэ адно імя – Алесь Карлюкевіч. Кнігі таленавітага журналіста і літаратуразнаўцы ёсць у бібліятэцы ЦБК. Аднак А.Карлюкевіч з'яўляецца і палітычным дзеячам, ён – міністр інфармацыі РБ.
Палітыка – складаная, уплывовая і адказная сфера, у якой асобны чалавек можа сыграць гістарычную ролю, што выклікае пастаянную цікавасць у грамадстве. Пра гэта гаварылі ўдзельнікі “круглага” стала.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры