5 кастрычніка 2019 года ў рамках IX Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася прэзентацыя кампакт-дыска песень “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі” на словы Станіслава Валодзькі ў выкананні саліста Сяргея Шабадалава (Вісагінас, Літва).
Сяргей Шабадалаў – даўні сябар і часты госць у Беларускім доме; штогод удзельнічае ў міжнародным фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Вось і ў гэтым годзе гледачы толькі напярэдадні слухалі яго задзірыстую песню “Шыпшына” і “Беларускі дом” на фестывалі, а ўжо на наступны дзень у ЦБК адбылася прэзентацыя кампакт-дыска “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі”, у якім прадстаўлена 16 песень на беларускай мове на словы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі (ці ў яго перакладзе).
Песні пра Беларусь, пра малую радзіму, пра каханне, жартоўныя песні – кожны на канцэрце пачуў тое, што блізка і дорага яго сэрцу. Выдатны і моцны голас, прыроднае абаянне артыста нікога не пакінулі абыякавым. Да таго ж Сяргей Шабадалаў валодае не толькі цудоўным голасам, але і талентам гумарыста-парадыста, дарам выдатнага расказчыка. Успаміны, падводкі да кожнай песні, жартоўныя рэпрызы арганічна ўпляліся ў канцэртную канву.
Аўтар слоў песень і перакладаў Станіслаў Валодзька падрабязна распавёў пра перадгісторыю шматлікіх песень, аўтараў музыкі і даўняй дружбе са спеваком С.Шабадалавым, у выніку якой на свет з'явіўся музычны дыск з выдатнымі песнямі.
Кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская падзякавала С.Шабадалава і С.Валодзьку за плённае супрацоўніцтва і пажадала творчых поспехаў, а таксама ўручыла ім кветкі, афішы, фестывальныя сувеніры.
Прэзентацыі дыска папярэднічала адкрыццё мастацкай персанальнай выставы Вэлты Лоцэ. А гэта значыць, што гармонія жывапісу, паэзіі і музыкі жыве пад дахам Беларускага дома.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A