5 кастрычніка 2019 года ў рамках IX Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная мастацкая выстава карцін “Вобразы мілыя роднага краю ...” вядомай у Даўгаўпілсе самадзейнай мастачкі, кіраўніцы мастацкай студыі ЦБК “Каларытны свет” Вэлты Лоцэ.
2019 год у Беларусі праходзіць пад знакам Года малой радзімы. Гэтай тэме і прысвечана новая персанальная выстава В.Лоцэ, дзе ўсе прадстаўленыя карціны: няхай гэта будзе белы бусел над рамонкава-васільковым полем ці старая студня ля старэнькай хаты, ранні імглісты ранак над свежаскошаным лугам або ціхая лясная рачулка, што прабіваецца паміж талага вясновага снегу – усё так да болю знаёма, прыцягвае погляд, навявае настальгічныя ноткі і бударажыць дзіцячыя ўспаміны. Бо дзяцінства мастачкі прайшло ў беларускай вёсцы Браслаўскага раёна, адкуль родам яе мама. Напэўна, менавіта таму назвай выставы паслужылі паэтычныя радкі з верша беларускага класіка Якуба Коласа “Родныя вобразы”.
Вэлта Лоцэ – мастак-самавучка, ніколі не вучылася жывапісу (не лічачы некалькіх кансультацый у прафесійных мастакоў). З 2010 года, калі ўзяла ў рукі пэндзаль, напісала больш за 200 работ, правяла больш за 30 персанальных выстаў, а першая публічная экспазіцыя адбылася ў 2010 г. у Цэнтры беларускай культуры. В.Лоцэ – вельмі цікавая і неардынарная творчая асоба, і такім жа займальным быў яе аповяд пра сябе і свой творчы шлях.
Работы самадзейнай мастачкі дыхаюць спакоем і ўтульнасцю, прыцягваюць погляд дзіўнай гармоніяй ліній, фарбаў, гульнёй святла і цені, і гэта не выпадкова – бо напісаны яны душой і сэрцам. Карціны нікога не пакінуць абыякавым – яны светлыя, працятыя любоўю да навакольнага свету, захапленнем яго прыгажосцю і дасканаласцю.
У тэму выставы як нельга дарэчы лягла песня пра крыніцы, выкананая салісткай Настассяй Лукашонак; а таксама акапэльна выкананая беларуская народная песня дуэта “Спадки” з Тарту (Эстонія).
Выстава Вэлты Лоцэ будзе адкрыта ў Цэнтры беларускай культуры (Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А) да 30 лістапада 2019 года.
Уваход свабодны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.