4 кастрычніка 2019 года ў Даўгаўпілсе з поўным аншлагам прайшоў IX Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, у якім прынялі ўдзел беларускія творчыя калектывы і ўдзельнікі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі. Культурны форум прайшоў пад знакам 20-годдзя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), а тэмай Гала-канцэрта стаў вясёлы панадворак!
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/329-na-belaruskim-kirmashy-adshume-vyasjoly-panadvorak#sigProId31d962afb5
Па традыцыі Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” праходзіць штогод восенню, калі з палёў і агародаў прыбраны ўраджай і паўсюдна праводзяцца кірмашы. За дзевяць гадоў фестываль, мэтай якога з'яўляецца захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны і народных традыцый, набыў пазітыўны імідж і заслужаны аўтарытэт у сваіх даўніх прыхільнікаў.
Таму задоўга да пачатку Гала-канцэрта ў фае Палаца культуры было ажыўлена і шматлюдна; гледачы збіраліся вакол прэзентацыйных сталоў. Кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Рамесніцы з Браслава (Беларусь) прадстаўлялі вырабы беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і навучалі іх вырабляць; побач бойка ішла рэклама выгадаванага мясцовымі гаспадынямі ўраджаю і смачных варэнняй, салатаў і марынадаў. А дарыльшчык у абмен на прынесеную кнігу на беларускай мове ці пра Беларусь атрымліваў фірмовы фестывальны сувенір “гузік шчасця” і тут жа мог азнаёміцца з рэкламнымі і турыстычнымі буклетамі пра Беларусь. Юныя наведвальнікі з вялікім натхненнем і азартам займаліся беларускай выцінанкай, клеілі паштоўкі і размалёўвалі, рабілі лялькі-абярэгі. А для аматараў патанцаваць у фае другога паверха праводзіўся майстар-клас па беларускіх народных танцах.
Атрымаўшы папярэдні зарад пазітыву і добрага настрою, гледачы запоўнілі цалкам вялікую залу Палаца культуры і на некалькі гадзін акунуліся ў атмасферу незабыўнага бліскучага свята, якое адкрыў старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Андрэй Элксніньш, які адзначыў, што беларуская культура ў Даўгаўпілсе квітнее і развіваецца і падзякаваў ЦБК за актыўную працу ў стварэнні пазітыўнага іміджу горада.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Васіль Марковіч падкрэсліў, што адна з самых актыўных беларускіх дыяспар Латвіі менавіта ў Даўгаўпілсе, дзе працуюць у супрацоўніцтве ЦБК і таварыства “Уздым”, ёсць нядзельная школа. В.Марковіч уручыў кіраўніцы ЦБК і старшыні беларускага таварыства “Уздым” Жанне Раманаўскай медаль “100 гадоў дыпламатычнай службы Беларусі” ад Міністэрства замежных спраў Беларусі за подпісам міністра замежных спраў РБ Уладзіміра Макея.
“Гэта ўзнагарода ўсёй прафесійнай камандзе ЦБК і вялікай грамадскай арганізацыі “Уздым” як высокая адзнака Беларуссю той актыўнай, рознабаковай працы, якую мы робім у якасці народнай дыпламатыі ў захаванні і папулярызацыі беларускай культуры ў Латвіі”, – з удзячнасцю сказала Ж.Раманоўская.
Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў у вітальным звароце адзначыў папулярнасць “Беларускага кірмаша”, які з кожным годам прыцягвае ўсё больш гледачоў і ўдзельнікаў, значыць, у форума вялікая будучыня.
У сваю чаргу, аташэ Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Даўгаўпілсе Уладзіслаў Балакін выказаў добрыя пажаданнi фестывалю, адзначыўшы, што “нас шмат што аб'ядноўвае”.
Яркая тэатралізавана-музычная імпрэза пачалася! Усе творчыя калектывы ЦБК: ансамбль народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца” прадставілі песні і танцы, якія чаргаваліся невялікімі гумарыстычнымі пастаноўкамі ад тэатральнай студыі “Паўлінка”.
Затым эстафету аматарскіх беларускіх калектываў з Латгаліі: ансамбля “Узоры” з Ліван, “Завіруха” з Екабпілса, “Рабінушка” з Прэйлі, “Народная студыя” з Дагды падхапілі прыбалтыйскія госці – пастаянны ўдзельнік кірмаша Сяргей Шабадалаў з Вісагінаса (Літва) і дуэт “Спадкі” з Эстоніі, які ўпершыню выступіў на фестывалі і заваяваў залу сваім акапэльнага спевам.
Асабліва яркія фарбы ў рознакаляровы фестывальны вянок ўнеслі даўнія сябры з Беларусі: трыо Дар'і Шук, Яўгеніі Шук і Ігара Мятлы з Міёраў, артысты вядомых калектываў “Княжыч” і “Полацкі Зьвяз” з гістарычнага Полацка з іх захапляльнымі аўтэнтычныя песнямі, са спевамі пад беларускую дуду .
Ну і, вядома ж, узорны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Камарыкі” з Наваполацка, які заваяваў гледачоў на мінулым фэсце; гэта яркі, звонкі, самабытны, здольны захапіць любога гледача калектыў, які цалкам адлюстроўвае сваю назву. Творчыя нумары “Камарыкаў” уносяць асаблівы нацыянальны каларыт у любую праграму. Зала раз-пораз выбухала бурнымі апладысментамі і крыкамі “Брава” пасля вясёлых танцаў і звонкіх пераліўных галасоў юных таленавітых артыстаў, якія ў літаральным сэнсе пырхалі на сцэне.
Дзве гадзіны канцэрта праляцелі ў адно імгненне. А гледачам хацелася прадаўжэння; яны доўга не адпускалі артыстаў, стоячы слухалі і падпявалі песню “Беларускі дом” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя), па традыцыі выкананай у фінале Гала-канцэрта. Фестываль-кірмаш музыкі, песні, танца падышоў да канца. Ён даў магчымасць убачыць некаторыя народныя традыцыі і каштоўнасці, якія многімі народамі свету ўжо страчаны.
У рамках Міжнароднага фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у Цэнтры беларускай культуры 5 кастрычніка адбыліся адкрыццё выставы карцін Вэлты Лоцэ на тэму “Мілыя вобразы роднага краю” (працягнецца да 30 лістапада) і прэзентацыя дыска песень “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі” на словы Станіслава Валодзькі ў выкананні саліста Сяргея Шабадалава (Вісагінас).
Наступны кірмаш будзе юбілейным – дзесятым па ліку, і арганізатары спадзяюцца, што ён аб'яднае беларускія аматарскія калектывы прыбалтыйскага рэгіёну – Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі, а таксама Беларусі. Тэма – талака, гэта значыць сумесная стваральная праца, дзякуючы якой “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” са зводнага канцэрта ператварыўся ў брэндавы фестываль.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.