15-16 чэрвеня 2019 года ў невялікім гарадку Дуброўна на берагах магутнага Дняпра культурны форум сабраў тысячы артыстаў з усіх раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама Беларусі і блізкага замежжа. У XXVI Міжнародным фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” удзельнічаў ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/325-na-beragakh-dnyapra-guchali-belaruskiya-pesni-z-latvii#sigProId7e01a43db8
Фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” адносіцца да культурных падзей рэспубліканскага значэння, арганізаваны на вельмі высокім узроўні. Як адзначыў у сваім віншаванні міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, “адрозненне сёлетняга фестывалю ў тым, што ён праходзіць у год, аб'яўлены ў Беларусі годам малой радзімы. Таму ў праграме фестывалю арганічна сплецены выставы, канцэрты і спектаклі, складзеныя з лепшых узораў нацыянальнай культуры і мастацтва, аўтарамі і выканаўцамі якіх з'яўляюцца знакамітыя ўраджэнцы Дубровенскага краю”.
У рамках фестывалю заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь - “Драматычны тэатр Беларускім Арміі”, прадставіў спектакль “Не пакідай мяне” па п'есе знакамітага драматурга Аляксандра Дударава. Гэта драматычная балада, заснаваная на рэальных падзеях ваеннага часу на Дубровеншчыне. Алесь Дудараў родам з Дуброўны і выступаў на радзіме.
Імя яшчэ аднаго вядомага земляка многія жыхары не толькі Дуброўны, але і Беларусі, адкрылі для сябе ўпершыню. Гэта Васіль Корань – асветнік, друкар, вядомы як складальнік “Бібліі для народа”, або “Бібліі для бедных” - у лубачныя малюнках. Яго ўклад у культуру цяжка пераацаніць – лічаць навукоўцы. У гісторыка-краязнаўчым музеі Дуброўны адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 325-годдзю гравіраванай бібліі Васіля Кораня. Гэтая ўнікальная кніга маецца ўсяго ў некалькіх музеях свету – у Ватыкане, Мадрыдзе, Мексіцы, расійскіх Эрмітажы і Траццякоўскай галерэі. Цяпер біблія Кораня ёсць і на яго радзіме – у Дуброўне. Падзея вельмі значная для культурнага асяроддзя Беларусі. Таму расійскім даследчыкам творчасці знакамітага земляка Віктару Пензіну і Антаніне Саковіч прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Дубровенскага раёна”.
Фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” захапіў яго ўдзельнікаў усімі фарбамі мастацтва. На фестывальных пляцоўках выступалі аматарскія калектывы і прафесійныя артысты з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Малдовы.
Па даўно складзенай традыцыі ў час адкрыцця фестывалю калектывы-удзельнікі абменьваюцца караваямі. Ансамбль “Пралескі” удастоіўся гонару паднесці хлеб-соль гаспадарам свята – заслужанаму аматарскаму, народнаму ансамблю песні і музыкі “Крыніца”. На канцэрце-прэзентацыі “Гасцей сустракай, Дубровенскі край” блок выступлення гасцявых калектываў адкрыў ансамбль “Пралескі” славутай песняй Райманда Паулса “Nekur nav tik labi kā mājās” у перакладзе С.Валодзькі на беларускую мову.
Пасля ўдзелу ў памятным мерапрыемстве, прысвечаным 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі, дэлегацыя Даўгаўпілса адправілася ў аграгарадок Сватошыцы. Увечары ў сельскім доме культуры, пасля напружанага працоўнага дня, сабраліся ўсе жыхары, для якіх выступалі ансамблі “Пралескі” і “Лянок”. Гледачы шчырымі апладысментамі дзякавалі артыстаў за песні і танцы, многія з якіх прымусілі іх закруціцца ў танцы або падпяваць. Даўгаўпілчане пакідалі сцэну з ахапкамі кветак, пад авацыі ўсіх гледачоў, якія ўсталі.
Другі фестывальны дзень пачаўся са святочнага шэсця, у якім дэлегацыя з Даўгаўпілса горда пранесла сцяг Латвіі. Святочная калона прайшла на гарадскі стадыён, дзе адбыўся гала-канцэрт “Лейся, песня, над Дняпром!” з удзелам славутага Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча. На гэтым канцэрце ў выкананні «Пралесак» прагучала беларуская народная песня “Ой, хацела ж мяне маць”. На цырымоніі ўзнагароджання “Пасахi – на лёгкiя шляхi” кіраўніцы ансамбля “Пралескі” Настассі Лукашонак быў уручаны дыплом, каравай, а таксама памятны сувенір – лялька Дубравушка.
Дарэчы, у гэтым годзе аднаму з галоўных брэндаў фестывалю – ляльцы Дубравушка, споўнілася два дзесяцігоддзі. Ляльку ад мясцовых майстроў уручалі ганаровым гасцям фестывалю, і яна раз'ехалася па свеце. Ёсць зараз такая прыгажуня і ў Даўгаўпілскім ЦБК. А яшчэ на форуме праходзіў конкурс на лепшую ляльку сярод творчых калектываў. Майстрыха Надзея Свірковіч з Даўгаўпілса звязала кручком дзве лялькі – Яніса і Лігу ў латышскіх нацыянальных касцюмах. Журы па вартасці ацаніла майстэрства і арыгінальнасць аўтарскай працы, якая заняла на конкурсе ганаровае 2-е месца, і лялькі з Латвіі засталіся ў фондах музея Дуброўны.
Удзел калектываў ЦБК у міжнародным фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” стала адказным візітам, ансамбль “Крыніца” з Дуброўны быў удзельнікам VIII Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
Цэнтр беларускай культуры