15 верасня 2019 года вакальны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) выступіў з канцэртам на экалагічным свяце “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” у Беларусі.
Традыцыйна ў сярэдзіне верасня ў гарадскім парку на беразе вельмі прыгожага Міёрскага возера праходзіць экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, якое ўслаўляе прыродныя асаблівасці рэгіёну – шырокае балота Ельню, дзе растуць журавіны і гняздуюцца жураўлі, і жыхароў раёна, якія сваёй працай робяць малую радзіму багацей, прыгажэй, чысцей.
Экалагічнае свята праводзіцца ў шосты раз, і ўвесь гэты час нязменнымі гасцямі фестывалю з'яўляюцца творчыя калектывы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, з якім у аддзела культуры Міёрскага райвыканкама падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.
Ансамбль “Пралескі” адкрыў святочны канцэрт паўгадзіннай праграмай, у якую ўвайшлі любімыя песні на беларускай, латышскай і рускай мовах. Паэтка Лілія Воранава прачытала сваіх вершы, прысвечаныя малой радзіме.
Партнёрства працягнецца, і ў кастрычніку ЦБК будзе прымаць артыстаў з Міёраў на фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
Цэнтр беларускай культуры