31 жніўня 2019 года ў Екабпілскім беларускім таварыстве “Спатканне” прайшло традыцыйнае Свята бульбы. З моманту заснавання свята, ужо чацвёрты год, у ім заўсёды ўдзельнічае дэлегацыя беларускай дыяспары з Даўгаўпілса.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/322-bulbyanyya-pirazhki-kupalinki-zanyali-pershae-mestsa-ekabpilse#sigProIde6be9ec09a
У апошні дзень лета, сонечнай суботай, ансамбль “Купалінка” адправіўся ў падарожжа да сяброў у г.Екабпілс. Па дарозе спыніліся ў Ерсіцы, пакланіліся ўнікальнаму праваслаўнаму храму Ператварэння Гасподняга, вядомага як “жалезная” царква. Іншая яе назва – “вандруючая”, паколькі была выраблена ў Адэсе, потым стаяла ў Даўгаўпілсе, на месцы Барыса-Глебскага сабора, потым пераехала ў Ерсіку.
Наступны прыпынак група зрабіла ў мястэчку Трэпе, пад Екабпілсам, дзе на горцы ля шашы Даўгаўпілс-Рыга ўсталяваны памятны камень у гонар вядомага вучонага, акадэміка, матэматыка, географа, астранома, даследчыка Арктыкі Ота Шмідта. Ён нарадзіўся ў Беларусі, а ў Латвіі летам гасцяваў у бацькоў маці, народжанай Эргле.
Далей даўгаўпілскія беларусы наведалі Крустспілскі замак, які некалькі стагоддзяў быў радавым маёнткам баронаў фон Корфаў, а цяпер змяніўся пасля вялікай рэстаўрацыі. Так цікава і дабраліся да беларускага таварыства “Спатканне”, якое ў чацвёрты раз праводзіла Свята бульбы.
Ганаровыя госці – мэр Екабпілса Айварс Крапс, намесніца мэра Крысціна Озола, пасол Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Васіль Марковіч, павіншавалі таварыства “Спатканне” са святам, якое выйшла за рамкі простага мерапрыемства і ўжо стала брэндавым фестывалем беларусаў Екабпілса.
Пасол РБ В.Марковіч уручыў кіраўніцы таварыства Валянціне Дарашчонак юбілейны медаль “100 год дыпламатычнай службе Беларусі” – за шматгадовую працу па папулярызацыі беларускай культуры і мовы ў Латвіі.
Удзельнікі Свята бульбы даведаліся шмат цікавага з гісторыі распаўсюджвання гэтай гародніны па свеце, чыталі вершы, выконвалі тэматычныя песні. З беларускімі народнымі песнямі і прыпеўкамі ярка выступіў ансамбль “Купалінка” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свае вершы.
Абавязковы элемент свята – стравы з бульбы. Даўгаўпілчане частавалі сяброў клёцкамі са смятанай, а на конкурс прадставілі “Радасць дзеда”. Гэта піражкі з бульбянога пюрэ ад старасты ансамбля Іны Валюшка. Назва тлумачыцца тым, што ў падрыхтоўцы стравы абавязкова ўдзельнічаў мужчына, паколькі патрабавалася сіла, каб таўчы вараную бульбу, і апетыт – каб потым з'есці гэтыя простыя, сытныя і вельмі смачныя піражкі. Страва на конкурсе заняла першае месца. Па даўняй традыцыі беларусаў, госцю, які ад’язджаў дадому, давалі “вузельчык ў дарогу”; у дадзеным выпадку пасол Васіль Марковіч па дарозе ў Рыгу ласаваўся даўгаўпілскімі бульбянымі піражкамі.
Арганізатары плануюць у наступным годзе 5-е Свята бульбы ў Екабпілсе вывесці з беларускага таварыства на агульнагарадскі ўзровень.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
Цэнтр беларускай культуры