У суботу, 7 верасня 2019 года, у 14.00, у канцэртнай зале Дома Адзінства пройдзе святочны канцэрт Дзён беларускай культуры ў Латвіі, які адкрывае новы творчы сезон Беларускага дома ў Даўгаўпілсе.
Дні беларускай культуры ў Латвіі адбываюцца штогод увосень пад эгідай Саюза беларусаў Латвіі ва ўсіх гарадах краіны, дзе актыўна працуюць беларускія дыяспары. У гэтым годзе Дні беларускай культуры праходзяць пад знакам 100-годдзя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
У першую суботу залатой восені гледачоў сваімі песнямі, танцамі, вершамі пацешаць мясцовыя аўтары і беларускія творчыя калектывы: ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка», танцавальны ансамбль «Лянок», вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі», харавая капэла «Спадчына», дзіцячая студыя «Скарбніца».
На канцэрце выступіць запальны ансамбль «Завіруха» Екабпілскага беларускага таварыства «Спатканне» - даўні, надзейны партнёр Цэнтра беларускай культуры і Беларускага таварыства «Уздым».
У якасці ганаровага гасця выступіць народны ансамбль «На панадворку» з Браслава, з якім ЦБК і «Уздым» злучаюць шматгадовыя партнёрскія сувязі.
Сардэчна запрашаем на беларускі канцэрт, які пройдзе ў суботу, 7 верасня, у 14.00, у канцэртнай зале Дома Адзінства (Даўгаўпілс, вул.Рыгас, 22а)! Выдатны настрой абяцаем!
Арганізатар: Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Беларускім культурна-асветным таварыствам «Уздым».
Уваход вольны.
На мерапрыемствах вядзецца фотаздымка і відэаздымка.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры