У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) на зыходзе лета, у пятніцу, 30 жніўня 2019 года, у 17.30, адкрыецца персанальная выстава карцін «Кветкавыя фантазіі» паэткі і мастачкі, члена Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі і беларускага таварыства «Уздым» Настассі Сазанковой. Гэта яе юбілейная выстава, 20-я па ліку.
Настасся Сазанкова нарадзілася на Віцебшчыне. Закончыла медвучылішча ў Полацку, потым Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у Мінску, Завочны народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве. Усё жыццё працавала доктарам і нават выпусціла кнігу пра лекавыя травы. Яна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада, піша карціны, вершы, выдае кнігі.
А.Сазанкова – шматгранная і таленавітая асоба, плённая мастачка і часты госць у Беларускім доме, дзе прайшло шмат яе мастацкіх выстаў і прэзентацый кніг. Карціны Настассі Аляксандраўны прасякнуты светлай любоўю да роднай Беларусі і яе непаўторнай прыроды.
Тэма чарговай выставы – кветкі, якія мастачка любіць усёй душой. Таму і будзе прадстаўлена ўвазе наведвальнікаў больш за 50 работ, выкананых у рознай тэхніцы, але аб'яднаных непаўторным святлом, цеплынёй і пяшчотай. Да таго ж знаёмства з карцінамі адбудзецца ў сугуччы з музыкай і паэзіяй.
Выстава карцін «Кветкавыя фантазіі» будзе адкрыта ў ЦБК да 31 кастрычнiка 2019 года на адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А. Уваход свабодны.
На мерапрыемстве вядзецца фота і відэаздыманне.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A