Пачатак жніўня ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адзначыўся шматлікімі наведваннямі. 6 і 7 жніўня 2019 года тут прайшлі адукацыйна-гульнявыя заняткі, на якіх выхаванцаў дзённага летняга лагера для школьнікаў, арганізаванага пры 11-й асноўнай школе, знаёмілі з традыцыямі і асаблівасцямі святкавання «Спаса» у Беларусі.
Мерапрыемства аб'яднала тры Спасы – мядовы, яблычны і арэхавы, якія прымеркаваны да часу, калі спеюць збожжавыя, гародніна і садавіна, плады.
14 жніўня беларусы святкуюць Спас мядовы. Яго яшчэ называюць Макавей. У гэты дзень на стол падаюцца стравы з макам і мёдам. У цэрквах асвячаюць першы мядовы ўраджай. З гэтага дня забаранялі купацца, паколькі лета пачынала хіліцца да захаду.
19 жніўня святкуюць яблычны Спас, які асабліва паважаны ў беларусаў. У царкву нясуць асвячаць яблыкі, пасля чаго іх можна есці. Асвячаюць і каласы новага ўраджаю. З гэтага дня пачынаюць капаць бульбу, сеяць азімыя.
А завяршае жнівеньскі цыкл святаў Спас арэхавы (або хлебны) – 28 жніўня. Заканчваецца жніво, праводзяцца дажынкі; на стол падаюць выпечку і стравы з арэхамі.
Пра ўсё гэта цікава расказала арганізатар культурных мерапрыемстваў ЦБК Галіна Сантоцкая. Дзеці з вялікай цікавасцю знаёміліся з экспанатамі музея «Беларуская хатка», адгадвалі загадкі на беларускай мове і атрымлівалі за гэта салодкі прыз з саламянага куфэрка; разам з метадыстам ЦБК Марыяй Памецька з захапленнем рабілі маляўнічыя паштоўкі з аплікацыяй-выцінанкай, сумяшчаючы творчыя заняткі з вывучэннем беларускіх словаў. Ну, а калі пачалі гуляць у вясёлыя беларускія гульні «Падушачка» і «Явар-яварок», дэгуставаць агуркі з мёдам і смачныя наліўныя яблыкі, іх радасці не было мяжы.
Беларусь багатая сваімі звычаямі і традыцыямі, культура яе разнастайная і цікавая, у чым пераканаліся ўдзельнікі заняткаў, якія наведалі Беларускі дом.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A