6 ліпеня 2019 года ў г.Дагдзе (Латвія) прайшоў V Міжнародны фестываль беларускай песні і танца «ФЭСТ-2019», сярод шматлікіх удзельнікаў якога былі харавая капэла «Спадчына» і танцавальны ансамбль «Лянок» Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
«ФЭСТ» быў прысвечаны беларускаму народнаму святу «Купалле». У 5-м, юбілейным фестывалі выступалі калектывы з Латвіі, Літвы, Польшчы і Беларусі. З моманту заснавання гэтага культурнага форуму ў самым беларускім краі ля мяжы Латвіі, у ім заўсёды ўдзельнічаюць ансамблі Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса, на гэты раз – «Лянок» і «Спадчына».
Па традыцыі, фестывальная праграма пачалася з выступленняў у «Дворыках».
«Лянок» і «Спадчына» парадавалі сваім канцэртам кліентаў пансіяната. У выкананні «Спадчыны» прагучалі беларускія народныя, а таксама аўтарскія песні. Танцавальны ансамбль «Лянок» сваімі беларускімі і народнымі танцамі захапіў гледачоў і закруціў ў танцы. Гарачы і шчодры прыём аўдыторыі крануў да глыбіні душы ўсіх артыстаў.
Фестывальную праграму працягнула святочнае шэсце па Дагдзе, у якім таксама ўдзельнічалі «Спадчына» і «Лянок» – са сцягам Даўгаўпілса, лагатыпамі сваіх ансамбляў.
Кульмінацыйнай кропкай «ФЭСТу» стаў Гала-канцэрт. Удзельнікаў, гасцей і гледачоў фестывалю цёпла віталі старшыня Дагдскай краявой думы Айвар Труліс, Генеральны консул Рэспублікі Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама Юлія Чагарына і іншыя.
На гэтым канцэрце ў выкананні «Спадчыны» прагучалі песні «Ночка зорная, купальная» і «Беларусь». Танцавальны ансамбль «Лянок» прадставіў гледачам польку «Дробная», «Касіў Ясь канюшыну», «Дываны маёй Радзімы». Са сваімі вершамі выступіў паэт Станіслаў Валодзька.
У завяршэнні ўдзельнікам фестывалю былі ўручаны дыпломы і сувеніры.
V Міжнародны фестываль беларускай песні і танца «ФЭСТ» быў арганізаваны Дагдскім беларускім таварыствам «Вербіца» пры падтрымцы Дагдскай краявой думы.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марына Медунецкая,
Цэнтр беларускай культуры