8 чэрвеня 2019 года ў рамках Свята горада адбылося адно з самых яркіх і маляўнічых мерапрыемстваў – шэсце калектываў прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый горада, у якой прыняла ўдзел і шматлікая каманда Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) сумесна з беларускім таварыствам “Уздым”. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй дыяспары.
З даўніх часоў Даўгаўпілс вядомы як шматнацыянальны горад, які спалучае ў сабе культуры розных народаў, якія жывуць у атмасферы талерантнасці, дружбы і добрасуседства. І ў фарміраванне станоўчага іміджу нашага ўнікальнага горада на міжнародным узроўні сваю значную лепту ўносяць беларусы, якія адрозніваюцца адкрытасцю, гасціннасцю, душэўнасцю і шчырасцю.
“Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць” – абвяшчае народная мудрасць. Прытрымліваючыся гэтай думкі, “на ўздым і зборы хуткія” беларусы сабраліся, каб прыняць удзел у кульмінацыйным мерапрыемстве Свята горада і прайсці разам у маляўнічай калоне па вуліцы Рыгас. Удзельнікі творчых калектываў ЦБК, члены “Уздыма” і проста сябры, з транспарантамі, у радасным і прыпаднятым настроі, кветкамі і ўсмешкамі віталі жыхароў і гасцей Даўгаўпілса. Прыемна, што ў дэлегацыі беларусаў было ярка прадстаўлена маладое пакаленне – ад дашкольнікаў да студэнтаў.
Пад рытмічную і запальную музыку аркестраў, пад пахвальныя воклічы гледачоў, упрыгожаная калона на чале з кіраўніцтвам Даўгаўпілса прайшлася па вуліцы Рыгас і выстраілася на цэнтральнай плошчы Віенібас. Песні і музыка, рознакаляровыя шары ў блакітным небе, залаты дождж-салют – усё стварала святочную атмасферу.
У сваю чаргу, вечарам вакальны ансамбль ЦБК “Пралескі” падарыў музычны подарунак любімаму гораду. Беларускія песні, у тым ліку і перакладзеныя на латышскую мову, былі вельмі ветліва ўспрынятыя публікай.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A