1 чэрвеня 2019 года ў Краславе, у замкавым комплексе Плятэраў, прайшоў Дзень беларускай культуры, арганізаваны Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе ў супрацоўніцтве з Краслаўскай краявой думай. Маштабнае музычнае і пазнавальнае мерапрыемства падтрымалі беларускія арганізацыі Латгальскага рэгіёну, у тым ліку і Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/310-belaruskae-svyata-yarka-adkryla-leta-kraslave#sigProIdf7d11f64ff
На тэрыторыі велічнага радавога маёнтка Плятэраў, дзе ажывае гісторыя, знаходзіцца Цэнтр турыстычнай інфармацыі Краславскага края і міжнародны цэнтр кулінарнай спадчыны, Краслаўскі гістарычны і мастацкі музей, Дом рамёстваў у рэканструяваных графскіх стайнях, прыгожы пейзажны парк. Вось у гэтым знакамітым месцы ў першы дзень лета, які выдаўся гарачым і сонечным, краслаўчанам і гасцям краю была прадастаўлена цудоўная магчымасць пазнаёміцца бліжэй з разнастайнасцю беларускай культуры, звычаяў і традыцый, песнямі і танцамі.
Як адзначыў на ўрачыстасці адкрыцця Дня беларускай культуры ў Краславе Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, «Беларускі дзень у Краславе» з'яўляецца часткай такіх праектаў Краслаўскага края, як «Пяць вёслаў» і «За адным сталом». Прывабнасць гэтых праектаў у выдатным у сваёй прастаце і зразумелым кожнаму пасыле – згуртаванне грамадства праз яго разнастайнасць, разнастайнасць культур, разнастайнасць традыцый і звычаяў, тую разнастайнасць, якая імкнецца да міра, добрасуседства і ўзаемнага духоўнага ўзбагачэння.
Тэму садружнасці Беларусі і Латвіі працягнуў старшыня Краслаўскай краявой думы Гунарс Упеніекс. Ён падкрэсліў, што на краслаўскай зямлі ў міры і згодзе жывуць людзі розных народаў, што знайшло адлюстраванне ў гербе горада – гэта ладдзя з пяццю вёсламі на сінім фоне. Вёслы сімвалізуюць асноўныя нацыянальнасці насельніцтва Краславы: латышы, палякі, яўрэі, рускія, беларусы. Таму Дзень беларускай культуры ў Краславе – новы, цікавы і лагічны праект.
Пра важнасць супрацоўніцтва і развіцця двухбаковых адносінаў Латвіі і Беларусі і іх прыгранічных тэрыторый казаў консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя. З ім былі салідарныя старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч і кіраўнік Беларускага бюро Еўрарэгіёну «Азёрны край» Міхаіл Арэхаў.
Шматлюдна і шумна было ў Доме рамёстваў, дзе на фоне кадраў прэзентацыйнага фільма аб прыгажосцях Беларусі пад меладычныя беларускія песні, праводзіліся разнастайныя майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў, вырабаў з гліны і свістулек, фігурнага роспісу на дошчачках, размалёўках, роспісу па тканіне і г.д.. На стэндах былі прадстаўлены матэрыялы аб дзяржаўнай сімволіцы і статыстычныя дадзеныя аб РБ, літаратура пра турызм, эканоміку, мясціны Беларусі.
Жывую цікавасць у наведвальнікаў выклікала выстава-прэзентацыя беларускіх ручнікоў з фондаў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Аўтэнтычныя нацыянальныя ручнікі з усіх абласцей Беларусі з'яўляюцца экспанатамі музейнага пакоя «Беларуская хатка», якія беражліва сабралі жыхары Даўгаўпілса, члены беларускага таварыства «Уздым», сябры беларусаў. Тканыя разнастайнымі ўзорамі і арнаментамі, аздобленыя карункамі, адбеленыя і накрухмаленыя, вышытыя ўмелымі і працавітымі рукамі мам і бабуль, ручнікі нясуць асаблівае цяпло, любоў і выклікаюць настальгію.
Менавіта таму шмат хто з наведвальнікаў Дома рамёстваў, асабліва людзі ва ўзросце, зацікавіліся багатай калекцыяй беларускіх ручнікоў, якія прэзентавала метадыст Марыя Памецька. Цікавасць падагравала гульня, сутнасць якой заключалася ў тым, каб знайсці на ручніках пэўныя сімвалы-арнаменты, а каму гэта ўдавалася, той атрымліваў салодкі прыз ад Генеральнага консульства РБ.
У зале Краслаўскага музея размясцілася выстава карцін пад назвай «Папяровыя сны». Аўтар майстэрскіх работ, выкананых у тэхніцы выцінанкі, вядомая мастачка, член Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі Алена Шаліма (Мінск). Усяго некалькі дзён гледачы маглі азнаёміцца з рэдкім відам дэкаратыўна-прыкладной творчасці беларусаў – мастацкім выразаннем карцін з паперы.
Выйшаўшы з прахалоды мураваных будынкаў, наведвальнікі траплялі ў шумную і вясёлую атмасферу беларускага свята.
Ля сцен графскага замка спявалі ансамбль «Накцюрн» Краслаўскага дома культуры і ансамбль «Аколіца» Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца». Музычную эстафету ў латгальскіх беларусаў пераняў Народны тэатр фальклору «Цярэшка» Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці г.Глыбокае (Беларусь), які падарыў краслаўчанам працяглы канцэрт. Запальныя беларускія песні чаргаваліся з віртуознымі кампазіцыямі гарманістаў. І не было абыякавых гледачоў: адны падпявалі, іншыя прытанцоўвалі; і ўсё шчодра апладзіравалі артыстам.
Тым часам у цені старажытнага парку супрацоўнікі Генеральнага консульства РБ рыхтаваліся да прэзентацыі беларускай нацыянальнай кухні. З чым яна звычайна асацыюецца? Вядома ж, з дранікамі! Майстар-клас па выпяканні бульбяных бліноў на свежым паветры, на адкрытай жароўні, паказвала старшыня Краслаўскага беларускага таварыства «Вясёлка» Святлана Стальмачонок. А калі чарга дайшла да дэгустацыі, то жадаючых паспытаць духмяных беларускіх дранікаў, ды са смятанай і яечняй, якая скварчэла, аказалася вельмі шмат. І ўсім хапіла пачастункаў!
Сімвалічным завяршэннем Дня беларускай культуры ў Краславе стаў кулінарны інтэрактыў. Генеральны консул РБ У.Клімаў, консул ЛР У.Скуя, мэр Краславы Г.Упеніекс і іх ганаровыя госці разам пасмажылі «яечню дружбы»; бо ў суседніх народаў яйка з'яўляецца сімвалам сонца і адраджэння, а яшчэ – здароўя, поспеху і багацця, чаго і пажадалі ўсім удзельнікам свята яго арганізатары.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жанна Раманоўская, Марыя Памецька