22 мая 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках Дзён беларускай культуры адбылося адкрыццё персанальнай выставы карцін «Светлы шлях да сябе» Еўфрасінні Лелэ – члена мастацкай студыі «Каларытны свет» ЦБК, Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, беларускага таварыства «Уздым».
Еўфрасіння Лелэ нарадзілася ў Беларусі. Усё дзяцінства прайшло ў беларускай вёсцы, сярод немудрагелістай, але такой мілай сэрцу прыроды, што і адклала глыбокі след на тонкую творчую натуру і да гэтага часу адлюстроўваецца ў яе карцінах. У далёкія 1960-я гады сям'я пераехала жыць у Латвію.
Е.Лелэ з дзяцінства вельмі любіла маляваць, удзельнічала ў школьных выставах, афармляла насценгазету. Дарослае жыццё адсунула хобі на задні план. Працавала аператарам на чыгунцы, і толькі перад выхадам на пенсію, калі выпадкова натыкнулася на пэндзлік, успомніла аб захапленні і акунулася ў яго з галавой.
Жывапіс асвоіла самастойна, вывучаючы спецыяльную літаратуру і працы вялікіх майстроў. Вялікі ўплыў на станаўленне яе як мастачкі аказаў прафесіянал у сваёй справе, школьны настаўнік малявання. А найбольш моцнае ўражанне зрабіў прадстаўнік рускай мастацкай школы Іван Айвазоўскі з яго марскімі краявідамі. Дарэчы, мора пакарыла Еўфрасінню Лелэ яшчэ ў дзяцінстве. Яе першыя ўспаміны пра мора звязаны са школьнай экскурсіяй на Рыжскае ўзмор'е. Хваляванне і глыбокая павага ў адносінах да мора не пакідаюць яе і па гэты дзень; менавіта таму шматлікія яе карціны звязаныя з марской тэматыкай і занялі асобнае месца на выставе, якая складаецца з 35 карцін.
У экспазіцыю Ефрасіння Лелэ ўключыла таксама пейзажы беларускай і латгальскай прыроды, намаляванай ў розныя часы года. Работы выкананы ў стылі рамантызму і напісаныя алеем; адчуваецца, што піша мастачка з велізарным задавальненнем і радасцю, укладваючы ў іх усю сваю душу.
Каментуючы сваю творчую дзейнасць, Ефрасіння Лелэ з хваляваннем і радасцю адзначыла, што ў кожнага чалавека ёсць свой унутраны свет, дар і свой шлях. Стварэнне карціны яна параўноўвае са з'яўленнем на свет дзіцяці. Кожная праца вынашана глыбока ў сэрцы, працятая эмоцыямі і перажываннямі, у кожную ўкладзена велізарная праца і клопат. Як доказ гэтых слоў – 10 праведзеных персанальных і сумесных выстаў мастачкі.
Самымі цёплымі і шчырымі словамі, кветкамі і падарункамі з выдатнай выставай гераіню імпрэзы павіншавалі кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская (з падачы якой у Беларускім доме ў 2016 годзе, напярэдадні Калядаў, адбылася першая выстава мастачкі «Святло ў акне»), член праўлення «Уздыма» Валерый Амбросаў, кіраўніца Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Марыя Сафронава, кіраўніца мастацкай студыі ЦБК «Каларытны свет» Вэлта Лоцэ. Пранікнёна і душэўна прагучалі віншаванні з вуснаў даўніх сяброў «Уздыма» – старэйшага работніка культуры Яўгеніі Гуляевай і члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі; песні пад гітару ў выкананні Андрэя Праневіча. А вядучыя мерапрыемства Галіна Сантоцкая і Марыя Памецька вершаванымі радкамі, асацыятыўнымі выказваннямі і мастацкімі аповядамі пра выдатныя карціны злучалі ў гарманічную мазаіку усе пазлы творчага вечара. Гледачоў парадавалі музычнымі нумарамі ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» і прыемныя размовы ў коле сяброў.
Выстава карцін Еўфрасінні Лелэ «Светлы шлях да сябе» будзе адкрыта ў Цэнтры беларускай культуры да 16 жніўня па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68, з 9.00 да 17.00.
Уваход свабодны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A