25 красавіка 2019 года, у мастацкай Арт-галерэі “Белая лошадь” у Даўгаўпілскай крэпасці адбылося адкрыццё персанальнай выставы карцін вядомай мастачкі Вэлты Лоцэ. На выставе прадстаўлены 86 работ, напісаных алеем – вясковыя пейзажы, нацюрморты, кветкі, партрэты.
Імя Вэлты Лоцэ, ураджэнкі Даўгаўпілса, добра вядома ў горадзе і за яго межамі. Актыўная і энергічная, поўная творчых ідэй жанчына не толькі піша карціны, праводзіць дабрачынныя вечары і майстар-класы ў сацыяльных і культурных установах, але і спявае, захапляецца ўсходнімі танцамі. А ў 2014 годзе, па выніках конкурсу сачыненняў пра лепшых людзей горада, Вэлта Лоцэ была ўдастоена тытула “Гонар Даўгаўпілса”; з'яўляецца членам Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, кіраўніцай мастацкай студыі “Каларытны свет” пры Цэнтры беларускай культуры.
В.Лоцэ ўпершыню ўзялася за пэндзаль у 2010 годзе. Не маючы мастацкай адукацыі і з'яўляючыся самадзейным мастаком, за гэты час напісала больш за 200 палотнаў, з якімі неаднаразова выстаўлялася на шматлікіх персанальных і калектыўных выставах у Латвіі, Літве, Вялікабрытаніі; персанальныя выставы неаднаразова праводзіліся ў Беларускім доме. Дарэчы, менавіта тут упершыню адкрылі новае імя самадзейнай мастачкі для шырокай публікі, і з таго часу, што называецца, «панеслася»: бясконцыя выставы, прэзентацыі, паездкі, вечарыны; піша шмат карцін, тэмы для якіх знаходзіць скрозь і ўсюды, але ў першую чаргу ў сваім уяўленні.
Да гэтага часу самадзейная мастачка, па яе словах, не разбіраецца ў стылях і жанрах выяўленчага мастацтва, лічачы, што напісаныя ёю карціны павінны радаваць гледачоў, быць ім зразумелымі і ствараць добры настрой; галоўнае, каб ва ўсім была гармонія: у колерах і фарбах, светаадчуванні, светаразуменні і філасофіі жыцця.
Адкрыццё выставы ў галерэі было такім жа пазітыўным і жыццярадасным, як і сама мастачка. Пасля эмацыйнай уступнай прамовы Вэлты, якая выступае яшчэ ў ролі вядучай свайго вечара, вельмі цікавы і займальны сцэнарый якога сама ж і склала, шмат цёплых праніклівых слоў у яе адрас прагучала ад каменданта крэпасці Яніса Астроўскага, гасціннай гаспадыні галерэі «Белая лошадь» Ірэны Войтанэ, ад кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры Жанны Раманоўскай і метадыста ЦБК Марыі Памецька, кіраўніцы Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Марыі Сафронавай і інш..
На вернісажы з незвычайнай тэатралізаванай праграмай выступіла арт-група “NEOСФЕРА”, якая акунула гледачоў у казачную краіну фарбаў. А вакальны ансамбль “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры “завёў” усіх задорным выкананнем беларускіх і латышскіх песень; падпявалі і гледачы, і сама Вэлта.
Усе прадстаўленыя на выставе працы без назвы, так як мастачка ўпэўненая, што кожны глядач разглядзіць на яе карціне нешта сваё, менавіта тое, што захоча ўбачыць. Сакавітыя фарбы, яркія і вядомыя латгальскія пейзажы, жывапісныя нацюрморты ствараюць у гледачоў святочны настрой, светлыя і цёплыя эмоцыі, накіроўваюць на філасофскія разважанні пра жыццё.
Выстава выдатных карцін Вэлты Лоцэ, напісаных рукой таленавітай мастачкі, будзе адкрыта ў мастацкай галерэі “Белая лошадь” у Даўгаўпілскай крэпасці да 15 мая 2019 года. Запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A