12 красавіка 2019 года ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (РЦНК) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Мінску ўрачыстым уручэннем сертыфікатаў завяршылася міжнародная стажыроўка кіраўнікоў творчых калектываў беларусаў замежжа. А канцэрт прадстаўнікам 12 краін падарыў ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса.
Творчая стажыроўка – унікальная магчымасць для беларусаў замежжа на тыдзень пагрузіцца ў моўнае асяроддзе ў Беларусі, умацаваць веды ў розных напрамках культуры (песні, танцы, фальклор, нацыянальная вопратка, дэкаратыўная творчасць, рамёствы і інш.) і пашырыць сувязі з калегамі. Навучанне праходзіць на базе Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры РБ з наведваннем устаноў культуры беларускай сталіцы. Пасля стажыроўкі кожны яе ўдзельнік атрымлівае сертыфікат міжнароднага ўзроўню.
Кіраўніца Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка павіншавала лідэраў арганізацый беларусаў замежжа з паспяховым навучаннем, уручыўшы ім сертыфікаты, і выказала надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва. А фінальным акордам урачыстасці стаў канцэрт, з якім выступіў ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» з Даўгаўпілса. Калектыў адказна падышоў да запрашэння і пабудаваў сваё выступленне так, каб найбольш ярка прадставіць сваю творчасць, а таксама пазнаёміць слухачоў з песнямі сваёй краіны – на латышскай і латгальскай мовах.
«Купалінка» выступала ў новых народных строях, накінуўшы на плечы вялікія ваўняныя хусткі, якія цалкам завяршылі сцэнічнае аблічча фальклорнага калектыву. Хусткі – падарунак ад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, за што кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская шчыра падзякавала партнёраў. РЦНК і ЦБК плённа супрацоўнічаюць не адзін год, у арганізацый падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.
Вандроўцы ў Мінск спрыяла сонечнае вясновае надвор'е, настрой падарожнікаў і магчымасць адкрыць для сябе нешта новае ў Мінску. У Беларусі пачынае набіраць папулярнасць прамысловы турызм, чым і скарысталіся даўгаўпілчане, пабываўшы на экскурсіі на буйным піваварным заводзе. Філасофскія эмоцыі выклікаў спектакль «Калі заўтра няма» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Моцныя ўражанні пакінуў храм-помнік Усіх Святых і асабліва яго крыпта. А аглядная экскурсія па сучаснай, добраўпарадкаванай сталіцы вялікай еўрапейскай дзяржавы, якая з размахам будуецца, пацвердзіла меркаванне: Мінск можна адкрываць для сябе зноў і зноў!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры