9 красавіка 2019 года, напярэдадні Сусветнага Дня авіяцыі і касманаўтыкі, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках навукова-пазнавальнага цыкла «Беларускія геніі», прысвечанага 20-годдзю заснавання, прайшло мерапрыемства, тэмай якога сталі праслаўленыя касманаўты Беларусі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/297-belaruskiya-genii-kasmana-ty-akrylili-maraj#sigProId40b6e36fbd
«Как безмерно оно, притяженье Земли,
Притяженье полей и печальных ракит,
Всех дорог, по которым мы в детстве прошли,
И дорог, по которым пройти предстоит…»
Са слоў гэтай знакамітай песні і пачаўся вечар, прысвечаны самай прыцягальнай, загадкавай, займальнай, рамантычнай вобласці навукі і тэхналогіі на зямлі – касманаўтыцы.
Консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч у сваёй займальна-пазнавальнай уступнай прамове адзначыў, што статус касмічнай дзяржавы Беларусь па праву атрымала пасля запуску першага ўласнага спадарожніка 22 ліпеня 2012 года з касмадрома Байканур; пасля гэтага была прынятая ў камітэт ААН па касмічных даследаваннях і ў Міжнародную Хартыю па космасе і маштабных катастрофах. І зараз развіццё дадзенай галіны не стаіць на месцы: не толькі касманаўты, але і навукоўцы, даследчыкі ўносяць вялікі ўклад у яе развіццё. Тысячы вынаходак, прыдуманых для касманаўтыкі, знайшлі «зямныя» прыкладанні: новыя матэрыялы, медыцынская апаратура, партатыўныя прыборы, незгараемае адзенне і многае іншае...
«Усе мы калісьці былі непапраўнымі рамантыкамі, марылі паляцець да зорак, спазнаць нязведанае і таямнічае... Але толькі некаторым удалося ажыццявіць сваю мару», – пачала свой аповяд пра герояў касманаўтыкі Марыя Памецька. Героем яе апавядання стаў знакаміты касманаўт Пётр Клімук – першы касманаўт з Беларусі. Кампазітар Ігар Лучанок (на словы А.Вялюгіна) прысвяціў яму сваю песню «Бярозка», якую пранікнёна выканала харавая капэла ЦБК «Спадчына».
Займальныя і вобразныя расказы пра славутых беларускіх касманаўтаў – Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага ад Тэрэсы Паўлавай і Валерыя Амбросава нікога не пакінулі абыякавымі. А Іна Валюшка падзялілася асабістымі ўспамінамі і разважаннямі аб бурным часе заваявання космасу са свайго дзяцінства, а таксама расказам пра першую жанчыну-касманаўтку Валянціну Церашкову, якая мае беларускія карані.
Гэтую тэму працягнула Галіна Сантоцкая, якая адзначыла, што гісторыя беларускай касманаўтыкі налічвае ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Свой аповяд, які чаргаваўся з вершаванымі радкамі пра космас, яна таксама прысвяціла касманаўтам беларускага паходжання – Антону Шкаплераву і Алегу Арцем'еву (дарэчы, вельмі цікавы матэрыял Івана Ждановіча аб гэтых знакамітых касманаўтах надрукаваны ў №29-30 газеты «Голас Радзімы», якая ёсць у бібліятэцы ЦБК). І таксама навукоўцам, якія нарадзіліся ў Беларусі і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё касманаўтыкі. Гэта Валянцін Даніловіч, Сямён Козбер, Барыс Кіт (дарэчы, Б.Кіт у даваенны перыяд быў выкладчыкам матэматыкі і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, якая да гэтага часу дзейнічае і з'яўляецца адзінай сярэдняй навучальнай установай за межамі РБ). Успомнілі таксама касманаўтаў Барыса Белавусава і Аляксандра Шчукіна, якія па розных прычынах так і не змаглі ажыццявіць сваю мару «дакрануцца да зорак».
У Латвіі таксама ёсць свая касмічная праграма. 28 студзеня 2015 года дзяржава ўступіла ў Еўрапейскае касмічнае агенцтва. Першы ў гісторыі Латвіі спадарожнік Venta-1 выйшаў на арбіту ў чэрвені 2017 г. (на індыйскай ракеце-носьбіце). Спадарожнік аблятае Зямлю 16 разоў за 24 гадзіны. Акрамя таго, у Латвіі быў праведзены шэраг запускаў невялікіх ракет. У верасні 2017 года ў Рызе прайшоў Еўрапейскі кангрэс планетарных навук.
Вечар атрымаўся вельмі пазнавальным і займальным: з маляўнічай прэзентацыяй цікавых слайдаў на экране, з мноствам прэм'ер, пачынаючы з песні «Бярозка». Эстафету падхапіў дуэт з «Купалінкі» у складзе Віталя Міхайлаўскага і Андрыса Парневіча, якія выканалі пад гітару некалькі «касмічных» песень, якія падпявала ўся зала. А член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька спецыяльна да гэтага мерапрыемства напісаў верш «Беларускім касманаўтам», які сам жа і пранікнёна прачытаў. Публіка вельмі шчыра і з натхненнем рэагавала на ўсе выступленні, а ў канцы разам з ансамблем «Купалінка» дружна спявала знакамітую песню «Надежда».
Дацягнуцца да мары і жыць надзеяй – вось галоўныя пастулаты, якія гледачы засвоілі кожны для сябе пасля завяршэння цікавага мерапрыемства аб беларускіх геніях-касманаўтах!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A