6 сакавіка 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася творчая майстэрня Надзеі Свірковіч пад назвай «Чароўны свет з нітак-2», на якой былі прадстаўлены разнастайныя вырабы, звязаныя кручком, а таксама ручныя вырабы з іншых матэрыялаў.
Надзея Свірковіч – ураджэнка Беларусі. І, нягледзячы на тое, што з 4-х гадоў жыве ў Латвіі і з'яўляецца яе грамадзянкай, з дзяцінства і да гэтага часу часта бывае на роднай Гродзеншчыне, падсілкоўваючыся там звычаямі, традыцыямі, культурай і самымі лепшымі чалавечымі якасцямі, характэрнымі для беларусаў: лагоднасцю, працавітасцю, сціпласцю, гасціннасцю.
Надзея – шматгранная творчая асоба: спявае ў ансамблі беларускай народнай песні «Купалінка» Цэнтра беларускай культуры, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» і, вядома ж, займаецца сваёй любімай справай – рукадзеллем; любіць падарожнічаць і шмат часу надае выхаванню любімых унукаў. У яе творчым багажы – вышытыя крыжыкам карціны, звязаныя кручком ажурныя сурвэткі, адзенне, лялькі самай рознай велічыні: ад маленькага голуба да беларускага дзеда Казіміра ва ўвесь рост, кампазіцыі разнастайных букетаў з цукерак.
Гэта ўжо другая персанальная выстава майстрыцы «на ўсе рукі» у ЦБК; тры гады таму тут ужо праходзіла яе дэбютная творчая майстэрня. На гэты раз калекцыя папоўнілася новымі лялькамі і арыгінальнымі мадэлямі адзення, яркімі букетамі. У Надзеі вельмі шчодрая душа – плён сваёй карпатлівай працы яна не хавае ў куфар, а дорыць родным і сябрам. Нядаўна ўсім калегам-удзельніцам ансамбля «Купалінка» падарыла вязаныя прыгожыя каралі, якія выдатна гарманіруюць з новымі касцюмамі. Раней Надзея ўжо рабіла падарункі Беларускаму дому: кампазіцыю з сям'ёй буслоў, які з'яўляецца сімвалам «Уздыма», ляльку ручной працы ў чалавечы рост – дзеда Казіміра. А зараз звязала і падарыла бабу Станіславу. Цяпер у беларускай хатцы ёсць гаспадар з гаспадыняй.
Гледачы былі ў захапленні ад дэфіле разнастайных прыгожых мадэляў адзення, капялюшыкаў і сумачак; вышытых карцін, яркіх букетаў. Але асаблівае ўражанне зрабілі цудоўныя арыгінальныя рэчы, звязаныя для малых. Літаральна ўсё ўспрымалася публікай «на ўра»: і танец Надзеі пад беларускую песню «Сінь-васількі», і забіяцкія віншавальныя песні ад «Купалінкі», і песні пад гітару ў выкананні Віталя Міхайлоўскага і Уладзіміра Стасевіча, і вершы паэтаў Станіслава Валодзькі і Паўла Плотнікава; душэўныя словы ад Галіны Сантоцкой, Тэрэсы Паўлавай і вядучай вечара Марыі Памецькі.
Такая руплівасць і велізарная праца майстрыцы на ўсе рукі, вядома ж, не засталася без увагі з боку ЦБК; кіраўніца Жанна Раманоўская сардэчна падзякавала Н.Свірковіч за такое каштоўнае і плённае супрацоўніцтва на карысць беларускай культуры, уручыўшы падзяку, кветкі і падарунак.
Выстава «Чароўны свет з нітак-2» будзе адкрыта да 31 сакавіка 2019 года ў ЦБК (г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А). Уваход бясплатны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A