22 лютага 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся музычна-паэтычны вечар «Мелодыя душы» паэта Паўла Плотнікава і барда Алены Віткевіч. Даўнія і пастаянныя прыхільнікі іх творчасці пачулі як раней вядомыя ўпадабаныя вершы і песні, так і зусім новыя.
Такія творчыя сустрэчы даўно сталі традыцыйнымі ў Беларускім доме. Фармат лютаўскай сустрэчы некалькі змяніўся; паэзія паэта Паўла Плотнікава арганічна злілася з бардаўскай песняй Алены Віткевіч. Такое аб'яднанне прайшло не выпадкова. Па-першае, П.Плотнікаў і А.Віткевіч – даўнія сябры па творчым цэху; а па-другое, абодва нарадзіліся ў лютым: Алена – 14 лютага, а Павел Васільевіч – 22 лютага. Напэўна, таму творчасць герояў вечара, якія нарадзіліся напярэдадні вясновага абуджэння прыроды, прасякнута духоўнасцю, шчырасцю і душэўнасцю, філасофскім рамантызмам...
П.Плотнікаў – паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Расіі і рускай пісьменніцкай арганізацыі «Русло», аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, ганаровы грамадзянін г.Віляны, член беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым». Сам родам з Пастаўскага раёна (Беларусь), таму яго паэзія прасякнута непадробленай любоўю як да сваёй малой радзімы, так і Латгаліі.
А.Віткевіч вядомая ў горадзе як выканаўца бардаўскай песні; лаўрэат фестывалю духоўнай музыкі «Серебряная псалтирь» у падмаскоўным горадзе Дубна (у дуэце з Валерыем Ермачэнка), удзельніца бардаўскіх фестываляў і злётаў у Літве, а таксама шматлікіх творчых мерапрыемстваў як у горадзе, так і ў ЦБК.
Затаіўшы дыханне, госці вечара слухалі незвычайна пранікнёныя і глыбокія па сутнасці вершы П.Плотнікава ў выкананні аўтара, а таксама вельмі кранальныя, якія так бяруць за душу, песні А.Віткевіч, аўтарамі вершаў якіх былі не толькі Павел Васільевіч, але і іншыя вядомыя даўгаўпілскія паэты. Абодва аўтары як нельга лепш дапаўнялі адзін аднаго, таму вечар прайшоў на адным дыханні.
З такім паспяховым творчым вечарам віноўнікаў урачыстасці павіншавала кіраўніца ЦБК і старшыня «Уздыма» Жанна Раманоўская, пажадаўшы ім далейшых творчых поспехаў; вядучыя вечарыны Галіна Сантоцкая і Марыя Памецька распавялі аб іх творчасці і прачыталі вершы; шматлікія госці не скупіліся на цёплыя словы, кампліменты, вершы і кветкі. А завяршальным акордам стала выступленне ансамбля «Купалінка»; яны сумесна з П.Плотнікавым і А.Віткевіч выканалі песню «Вось так і жывем ...», якую дружна падхапіла ўся зала.
Hаступная творчая сустрэча пройдзе ў ЦБК 29 сакавіка, у 17.30, з паэтам Яўгенам Голубевым. Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A