У сераду, 6 сакавіка 2019 года, у 17.30 у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрыецца творчая майстэрня Надзеі Свірковіч пад назвай «Чароўны свет з нітак-2», на якой будуць прадстаўлены разнастайныя вырабы ручной працы, звязаныя кручком.
Надзея Свірковіч – ураджэнка Беларусі. І, нягледзячы на тое, што з 4-х гадоў жыве ў Латвіі і з'яўляецца яе грамадзянкай, з дзяцінства і да гэтага часу часта бывае ў гасцях на роднай Гродзеншчыне, падсілкоўваючыся там звычаямі, традыцыямі, культурай і самымі лепшымі чалавечымі якасцямі, характэрнымі для беларусаў: лагоднасцю, працавітасцю, сціпласцю, гасціннасцю.
Надзея – асоба, якая шмат чым захапляецца: падарожнічае, гадуе ўнукаў, спявае ў ансамблі беларускай народнай песні «Купалінка» Цэнтра беларускай культуры, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» і, вядома ж, займаецца сваёй любімай справай – рукадзеллем. У яе творчым багажы – вышытыя крыжыкам карціны, звязаныя кручком ажурныя сурвэткі, адзенне, лялькі самай рознай велічыні: ад маленькага голуба да беларускага дзеда Казіміра ва ўвесь рост. Гэта ўжо другая персанальная выстава майстрыхі «на ўсе рукі» у ЦБК.
Усё гэта, а таксама дэфіле маляўнічых мадэляў адзення, капялюшыкаў і сумачак, яркія букеты ручной работы, разнастайныя музычныя нумары і вельмі цікавы «сюрпрыз» ад майстрыхі, вы ўбачыце і пачуеце, наведаўшы творчую майстэрню Н.Свірковіч. Сардэчна запрашаем!
Выстава «Чароўны свет з нітак-2» будзе адкрыта з 6 па 31 сакавіка 2019 года ў ЦБК (г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А). Уваход бясплатны.
На мерапрыемстве вядзецца фота і відэаздыманне.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A