Рашэннем ЮНЕСКА ва ўсім свеце 21-га лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Дата занесена ў каляндар з мэтай захавання моўнай і культурнай разнастайнасці, паколькі з шасці тысяч моў свету палова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. У іх лік уваходзіць і беларуская мова. У гэты дзень у Рызе і Даўгаўпілсе пісалі адкрытую дыктоўку па беларускай мове.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/290-u-ryze-i-da-ga-pilse-pisali-dykto-ku-pa-belaruskaj-move#sigProIdc134f7aa60
21 лютага 2019 года ў Рыжскай беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы адбылася адкрытая дыктоўка, у якой удзельнічалі вучні, а таксама Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Васіль Марковіч. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, па тэлемосце, дыктоўку пісалі і ў Даўгаўпілсе. У Цэнтры беларускай культуры сабраліся супрацоўнікі ЦБК і актывісты беларускага таварыства «Уздым», для якіх беларуская мова родная.
Педагог Главацкая Святлана для адкрытай дыктоўкі выбрала ўрывак з рамана «Подых навальніцы» беларускага пісьменніка Івана Мележа, у якім герой Апейка разважае пра гаворку мясцовых жыхароў палескай вёскі Курані.
З натхненнем удзельнікі пісалі дыктоўку. Як прызналася Валянціна Анікіна, яна вельмі непакоілася за памылкі, бо апошні раз пісала дыктоўку 55 гадоў таму. Другая ўдзельніца – Дзіяна Германовіч, нават успомніла тэму дыктоўкі, якую пісалі ў школе на экзаменах за 8-ы клас у Беларусі. Яніна Юзэфовіч з задавальненнем паглыбілася ў працэс напісання, паколькі па адукацыі яна настаўніца беларускай мовы і літаратуры, але шмат гадоў жыве ў іншым моўным асяроддзі. У сваю чаргу, Марыя Памецька, Галіна Сантоцкая, Таццяна Дзянісава і Лілія Воранава адчувалі сябе ўпэўнена – яны пішуць дыктоўку кожны год у маі, калі ЦБК праводзіць Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
«У гэты раз дыктоўку пісалі 9 чалавек. Яны захавалі мову маці і радзімы, ведаюць яе і пры любой магчымасці размаўляюць на ёй. Дыктоўку пісалі з хваляваннем, радасцю, яднаннем. Мы не пакідаем надзеі, што ў Даўгаўпілсе, дзе пражывае шматтысячная беларуская дыяспара, колькасць удзельнікаў дыктоўкі будзе толькі павялічвацца год ад году, і калі-небудзь мы прыйдзем да аднаўлення беларускай школы», – лічыць кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры