1 лютага 2019 года гараджане Даўгаўпілса са здзіўленнем і непадробленай цікавасцю назіралі незвычайнае відовішча. У самым цэнтры горада, у скверы А.Пумпура, каля праваслаўнай капліцы Св. Аляксандра Неўскага, каманда супрацоўнікаў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і ансамбля народнай песні «Купалінка» паказала старадаўні вясельны абрад «Брама».
Брама – вясельны абрад, які з даўніх часоў праводзіцца па дарозе ад вянчання маладой пары да святочнага стала. Традыцыйна Брама ўяўляла сабой маладыя дрэўцы (звычайна бярозкі), звязаныя паміж сабой і ўпрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі, шарамі і г.д., у цэнтры якой ставіўся столік з хлебам-соллю, а вакол стаялі «вясельнікі», якія не прапускалі вясельны картэж у дом, пакуль не атрымаюць выкуп. У некаторых версіях Брама ўяўляе сабой два звязаныя ручнікі, пад якімі праводзяць маладых. Падчас жартоўнага тэатралізаванага прадстаўлення адбываюцца перамовы паміж «вясельнікамі» і сватам, дружкамі і жаніхом аб выкупе дарогі. Лічылася, што чым часцей на скрыжаваннях, паваротах і закутках тармазілі «вясельны поезд», тым шчаслівей будзе сумеснае жыццё ў маладых.
У асяроддзі пражывання беларусаў замежжа Брама – досыць рэдкі абрад, тым ён больш каштоўны, чым і выклікае вялікую цікавасць. У 2016 годзе ЦБК упершыню ў сваёй гісторыі правёў Браму для супрацоўніцы ўстановы ў яе шчаслівы дзень шлюбу; як беларусы сустракаюць вясельны картэж і маладую сям'ю пасля рэгістрацыі, змаглі ўбачыць жыхары Крэпасці і турысты.
На гэты раз вясёлая і дружная каманда беларусаў «перагарадзіла» дарогу нявесце – удзельніцы вакальна-інструментальнага ансамбля «Пралескі» і танцавальнага ансамбля «Лянок» Ганне Сямёнавай і яе маладому мужу ў скверы А.Пумпура. Пасля шлюбу каля храма А.Неўскага вяселле сустракалі з прыгожым букетам, перавязаным нацыянальным ручніком. Пад усеагульнае адабрэнне і з радаснымі эмоцыямі госці прайшлі праз шматлікія жартоўныя выпрабаванні, пачулі прымаўкі, прыпеўкі, пажаданні і песні на беларускай мове ў выкананні «вясельнікаў» пад гучанне беларускіх народных інструментаў. А самі арганізатары Брамы атрымалі ў падарунак смачныя вясельныя пачастункі.
Старадаўнія добрыя беларускія традыцыі і абрады працягваюць жыць. Шчасця маладым!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A