5 лютага 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) напярэдадні 70-гадовага юбілею была адкрыта фотавыстава Юрыя Бітыньша з глыбокай філасофскім назвай «Што так трэба душы ...», на якой прадстаўлена больш за 30 работ фотамастака.
Юрый Бітыньш – ураджэнец і пастаянны жыхар Даўгаўпілса; тут жа больш за 40 гадоў, пасля заканчэння Рыжскага медыцынскага інстытута, паспяхова працуе стаматолагам. Акрамя прафесійных абавязкаў, у вольны ад працы час захапляецца фатаграфаваннем і жывапісам у розных тэхніках (аловак, акварэль і інш.).
Юрый Вікенцьевіч мае ў сваёй радаслоўнай і беларускія карані (яго дзед родам з Віцебскай губерні). Па ўспамінах з дзяцінства, першай прачытанай кнігай была беларуская казка «З рога ўсяго многа». Напэўна, таму Ю.Бітыньш, выпадкова апынуўшыся ў Беларускім доме, стаў не проста частым госцем, але і ўдзельнікам харавой капэлы «Спадчына»; з задавальненнем прыходзіць на рэпетыцыі, каб паспяваць беларускія песні і пагутарыць. Дарэчы, пранікнёныя беларускія песні ў выкананні гэтага творчага калектыву на адкрыцці выставы былі вельмі арганічныя і закранулі сэрцы слухачоў сваёю шчырасцю.
Цэнтр беларускай культуры традыцыйна адкрывае новыя імёны. Вось і на гэты раз адкрыў гораду імя новага таленавітага чалавека. У чым і пераканаліся шматлікія госці, гледзячы на выдатныя фотаработы і слухаючы займальны аповяд фотамастака пра сябе. Ю.Бітыньшу вельмі блізкая прырода ва ўсіх яе праявах: няхай гэта будуць кветкі, птушкі, матылькі, вясковыя пейзажы, дождж, туман або навальніца... Самае галоўнае для яго, каб гледачы, асабліва маладое пакаленне, якое адрозніваецца сваім прагматызмам і практычнасцю, гледзячы на фатаграфіі і карціны, станавіліся больш добрымі, спагадлівымі, пазітыўнымі і чысцей ў думках і ўчынках.
Як адзначыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская: «Адрываць новыя імёны – гэта вялікая радасць і гонар. І вельмі сімвалічна, што ў нашай зале з аднаго боку знаходзіцца раней адкрытая выстава жывапісу Галіны Жэлабоўскай, якая знаёміць з прыгажосцю беларускай прыроды; а з другога боку – фотавыстава Ю.Бітыньша, з не менш выдатнай прыродай Латгаліі. І гэта тое, што аб'ядноўвае, гуртуе і збліжае».
А каб у гэтым пераканацца, трэба ўсяго толькі прыйсці і паглядзець выставу, якая будзе адкрыта ў ЦБК (Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А) да канца сакавіка 2019 года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.