6 лютага 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры прайшло мерапрыемства «БССР - 100 год» у фармаце гістарычнага экскурсу, арганізаванае ў супрацоўніцтве з Генеральным консульствам РБ у Даўгаўпілсе і Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам «Уздым».
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/284-100-goddzyu-belaruskaj-natsyyanalnaj-dzyarzha-nastsi-prysvyachaetstsa#sigProIdeb08685f22
«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына» – гэтымі радкамі пачынаецца знакаміты верш «Спадчына» народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, які ён напісаў пасля некалькіх гадоў літаратурнага маўчання ў часіну гістарычнага пералому, калі стваралася маладая Беларусь. Вестка аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь застала Я.Купалу ў Смаленску, і яе паэту асабіста паведаміў першы старшыня ўрада Зміцер Жылуновіч. У савецкай Беларусі Купала служыў у наркамаце асветы.
Аўтарскі рукапісны тэкст «Спадчыны» на пажоўклым ад часу лістку цяпер выстаўлены ў доме-музеі Янкі Купалы ў Мінску, дзе адкрылася выстава «Маладая Беларусь» - першы праект, прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Другі не менш цікавы турыстычны праект быў запушчаны на малой радзіме Д.Жылуновіча ў Копылі пад назвай «Брэнд тэрыторый». Дарэчы, і Я.Купала, і Д.Жылуновіч (паэтычны псеўданім Цішка Гартны) сябравалі з паэтам і палітыкам Райнісам. Гэта быў час першых.
Праз шмат гадоў кампазітар Ігар Лучанок напісаў для «Спадчыны» музыку, і гэтая песня стала адной з візітных картак знакамітага ансамбля «Песняры» у выкананні Уладзіміра Мулявіна. Усе яны ўжо сталі легендамі, культавай часткай беларускай культуры, народжаныя ў БССР. Літаратурная выстава «Беларусь: шлях да незалежнасці» распавядае пра дзяржаўныя сімвалы, эканоміку, адукацыю, культуру, прыроду Беларусі. Даведацца пра гісторыю станаўлення нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці – ад БНР да БССР, можна было на стэндзе, дзе размешчана даведка Акадэміі навук РБ. З дакладам на гэтую тэму таксама выступіў консул Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч.
Слухачы даведаліся шмат цікавых фактаў пра Рэспубліку Беларусь. Шчыра апладзіравалі беларускім песням у выкананні ансамбляў «Пралескі», «Купалінка», «Спадчына» і нядзельнай школы «Вясёлка». Свае веды на практыцы яны змогуць прымяніць, прыняўшы ўдзел у конкурсах. Аб'яўлены конкурс дзіцячых малюнкаў «Беларусь мая» і конкурс эрудытаў «Ці ведаеш ты гісторыю Беларусі? ». Пераможцаў чакаюць узнагароды, якія будуць уручаны на адкрыцці выставы малюнкаў, прымеркаванай да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь. З палажэннямі аб конкурсах можна азнаёміцца на сайтах www.bkc.daugavpils.lv і www.uzdim.lv.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская