24 лістапада 2018 года ў рамках VIII Міжнароднага фестывалю народнай культуры «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» у Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі «Беларуская хатка», што стала вынікам мастацкага праекта «Сундук беларускіх скарбаў», які доўжыўся ўвесь год.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/280-u-da-ga-pilse-adkry-sya-muzejny-pakoj-belaruskaya-khatka#sigProId68474008d0
У студзені стартаваў мастацкі праект «Куфар беларускіх скарбаў». Кожны месяц у ЦБК праходзіў вечар, на якім гледачоў знаёмілі з сакральным рэчамі беларусаў – ручнік, пояс, нацыянальны касцюм, абрус, дыван і г.д.. Усе яны вырабляліся ўручную з ільну альбо воўны, захоўваліся ў куфры і перадаваліся ў спадчыну. Кожнай рэчы нададзена ўвага ў эпасе і ў аўтарскіх творах беларускіх літаратараў. Тады ж ініцыятары акцыі звярнуліся з просьбай да жыхароў Даўгаўпілса ахвяраваць будучаму музею прадметы побыту беларусаў. І заклік атрымаў водгук. На кожнае мерапрыемства людзі прыносілі ў дар Беларускаму дому дарагія сэрцу і памяці прадметы. Так музейны фонд пачаў папаўняцца самабытнымі вясковымі рэчамі.
Адкрыццё музейнага пакоя адбылося ў рамках фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» 24 лістапада. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэлегацыі з Дуброўны і Наваполацка (Беларусь), Вісагінаса і Клайпеды (Літва), Калінінграда (Расія). Хлебам-соллю сустрэлі гасцей Галіна Сантоцкая і Яўгенія Гуляева, якія аформілі музейную экспазіцыю па беларускіх канонах.
Ля ўваходу ў «хату» наведвальнікаў сустракаюць яе «гаспадары» – Алесь і Алеся ў нацыянальных касцюмах. Стэнд побач расказвае аб змяненні колькаснага складу беларусаў у Даўгаўпілсе за апошнія сто гадоў паводле дадзеных перапісу насельніцтва, прадастаўленых Даўгаўпілскім мастацка-краязнаўчым музеем. Так, у царскі час, у 1897 годзе, першы перапіс насельніцтва адзначыў 2% беларусаў у горадзе з 69,7 тысячамі жыхароў. У Латвійскай Рэспубліцы, у 1935 годзе, беларусы складалі ўжо 3% насельніцтва Даўгаўпілса (45,1 тысяча жыхароў). У апошні год савецкай улады, у 1991 годзе, у Даўгаўпілсе пражывала рэкордная колькасць жыхароў – 129 500, з якіх 8,8% – беларусы. Зараз беларусы складаюць крыху больш за 7% насельніцтва Даўгаўпілса.
У самой «хаце» мэбля і начынне размешчаны традыцыйна. У чырвоным куце – абраз на ручніку. У бабіным куце – куфар з назапашаным дабром. За ільнянымі фіранкамі бачныя вазоны з геранню на падаконніку. Ёсць стылізаваная печ, на якой спіць дзед. Другі дзед сядзіць на крэсле за цымбаламі. Ёсць у доме і гармонік. Стол ля акна накрыты ільняным даматканым абрусам. На ложку, засланым вышытай яркімі кветкамі прасцінай, парадна ўзвышаюцца падушкі ў тон. Адну сцяну ўпрыгожваюць тканыя дываны, на падлозе – кілімкі і дарожкі. Калаўрот, маслабойка, карыта, ухваты, ступа, каромысел, прасы, гаршкі, міскі і іншыя прадметы сялянскага побыту – усе аўтэнтычныя, прывезеныя з розных куткоў Беларусі.
«Па музейных прадметах можна вывучаць геаграфію паходжання актывістаў беларускай дыяспары Даўгаўпілса», – адзначыла кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, уручаючы кожнаму дарыльшчыку падзяку.
І кожны ўдзельнік мерапрыемства меў магчымасць выступіць. Напрыклад, Галіна Сантоцкая распавяла пра ручнік сваёй бабулі, якому больш за сто гадоў, ён прывезены з Гродзенскай вобласці. Марыя Памецька са слязамі на вачах распавяла пра матавіла, якое выкарыстоўвала яе мама, калі ткала; яно таксама з Гродзенскай вобласці. Яўгенія Гуляева з Браслаўскага раёна заставіла ў музеі памяць пра маму – ёю звязаную сурвэтку, а Валянціна Ліпінская з Пастаўскага раёна – матчын абрус, вышыты для сумных падзей, рэдкі экземпляр. Лілія Воранава з Міёрскага раёна падарыла у музейныя фонды матчын вясельны абрус і вельмі шмат прыгожых і дзіўных прадметаў вясковага побыту. Больш за 25 імёнаў дарыльшчыкаў ужо ўнесены ў летапіс музея «Беларуская хатка», кожнаму - вялікі дзякуй і нізкі паклон.
У канву гістарычных фактаў і асабістых успамінаў арганічна ўпляліся беларускія песні ў выкананні ансамбляў «Купалінка» і «Пралескі». Вельмі кранальна прагучала песня «Гасподзь благаславіў» на словы Анатоля Рубінава ў перакладзе Станіслава Валодзькі, якую выканаў саліст Сяргей Шабадалаў (Літва). Гэта была выдатная прэм'ера песні.
Цэнтр беларускай культуры плануе выкарыстаць музейны пакой таксама і для адукацыйна-пазнавальных заняткаў для школьнікаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры