23 лістапада 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) хлебам-соллю сустракалі новага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Васіля Марковіча, які з двухдзённым рабочым візітам наведаў Латгалію. У Даўгаўпілсе дыпламат пабываў у Беларускім доме і вітаў удзельнікаў і гасцей фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе".
Васіль Міхайлавіч Марковіч працаваў Генеральным консулам РБ у Даўгаўпілсе ў 1998-2002 гады і ў свой час удзельнічаў у адкрыцці Цэнтра беларускай культуры. Таму сустрэча ў Беларускім доме прайшла ў цёплай, сяброўскай, хатняй атмасферы.
Пасла Беларусі сустрэлі хлебам-соллю, каравай спецыяльна спяклі да такой знамянальнай падзеі і па беларускай традыцыі ў ручніку перадалі ў дар высокаму госцю (вузельчык у дарогу). Васіль Міхайлавіч з цікавасцю агледзеў эспазіцыі ЦБК, музейны пакой, бібліятэку. Як адзначыў В.Марковіч, ён ўражаны ўбачаным, наколькі ЦБК развіўся за мінулыя гады: «У вас шыкоўны Беларускі дом і бібліятэка!»
А затым за кубкам гарбаты адбылася душэўная, і разам з тым дзелавая размова з супрацоўнікамі ЦБК і актывістамі беларускага таварыства «Уздым», многіх з якіх Васіль Марковіч ведае і памятае.
Kіраўніца ЦБК і таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская падзякавала за дапамогу і падтрымку беларускай дыяспары Беларусь у асобе Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе і Пасольства РБ у Латвіі, а таксама агучыла асноўныя выклікі і планы.
А вечарам В.Марковіч з жонкай наведалі міжнародны фестываль «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе». Беларускі дыпламат з цікавасцю агледзеў выстаўку рамеснікаў, прадэгуставаў зімовыя нарыхтоўкі гаспадынь «Уздыма», пазнаёміўся з партнёрамі ЦБК. На гала-канцэрце ў вітальнай прамове пасол Беларусі адзначыў важную ролю дыяспары ў захаванні сваёй культуры ў Латвіі і ўручыў падзячную грамату Міністэрства замежных спраў РБ Беларускаму культурна-асветніцкаму таварыству «Уздым».
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры