7 снежня 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася выніковая фотавыстава «2018 год у Беларускім доме». На здымках зафіксаваныя самыя яркія моманты творчай дзейнасці ўстановы, яго калектываў і беларускага таварыства «Уздым». Выстава будзе даступная ўвесь 2019 год.
Адыходзячы 2018-ы год быў для Цэнтра беларускай культуры і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» вельмі яркім, насычаным значнымі падзеямі, сустрэчамі, паездкамі.
Самым важным і прэстыжным стаў удзел трох калектываў ЦБК – «Паўлінкі», «Купалінкі» і «Пралесак», ва Уселатвійскім свяце песні і танца ў Рызе, на які яны трапілі, паспяхова прайшоўшы адборачны рэгіянальны агляд. У латвійскім міжнародным фестывалі «Балтыка» таксама ўдзельнічалі два калектывы; «Купалінка» і «Паўлінка» патрапілі туды на конкурснай аснове. Гэта выдатны вынік вялікай працы педагогаў і артыстаў.
100-годдзю Латвійскай Рэспублікі ЦБК прысвяціў мастацкую акцыю «Куфар беларускіх скарбаў». Кожны месяц гледачы знаёміліся з беларускімі песнямі і танцамі (нематэрыяльная спадчына) і сакральнымі прадметамі побыту, такімі як: ручнікі, паясы, народныя касцюмы, абрусы, дываны, льняное палатно (матэрыяльная спадчына). Вынікам акцыі стаў гала-канцэрт VIII міжнароднага фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе", у якім удзельнічалі беларускія аматарскія ансамблі і дэлегацыі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі і Расіі, а таксама адкрыццё музейнага пакоя «Беларуская хатка» у ЦБК.
Для таварыства «Уздым» мінулы год быў юбілейным, і сваё 25-годдзе партнёр ЦБК адзначыў яркім маштабным святам з канцэртам ансамбля «Траецкі музыкі» з Барысава (Беларусь). Арганізацыя ўдастоена Ганаровай граматы Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У сваю чаргу дыяспара павіншавала з 25-годдзем Генеральнае консульства РБ у Даўгаўпілсе. У дадатак да сваіх прыгожых касцюмаў ансамбль «Купалінка» атрымаў у падарунак з Беларусі народныя цёплыя хусткі. У Беларускім доме мы хлебам-соллю сустракалі новага амбасадара Беларусі ў Латвіі Васіля Марковіча; ён быў уражаны дасягненнямі дыяспары.
Акрамя гэтых ключавых падзей колькі яшчэ было выстаў, літаратурных сустрэч, канцэртаў, паездак!
Праведзены Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе (набажэнства ў гонар Еўфрасінні Полацкай, дыктоўка па беларускай мове, выстава карцін, канцэрт), канцэрт саліста Сяргей Шабадалава з Вісагінаса, канцэрт «Купалле», канцэрт да 80-гадовага юбілею кампазітара І.Лучанка і паэта У.Карызны, канцэрт новага творчага сезону і 5-годдзя «Спадчыны», прэм'ера беларускай казкі лялечнага тэатра «Паўлінка».
Адшумелі народныя святы «Каляды» і «Гуканне вясны», ушанавана памяць продкаў на Радаўніцу і Дзяды.
Адбыліся прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з літаратарамі: С.Валодзькам, П.Плотнікавым, В.Абушкевіч, К.Андрэевай, Н.Сазанковай, М.Сафронавай.
Прайшлі выставы карцін студыі «Каларытны свет», Латгальскай Асацыяцыі вольных мастакоў, Н.Ізенёвай-Лаўрыновіч, Н.Сазанковай і Г.Жэлабоўскай.
Арганізаваны дабрачынныя і сацыяльныя акцыі: канцэрт «Купалінкі» у пансіянаце для пенсіянераў, спектакль у дзённым цэнтры пенсіянераў, малебен па ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС, фестывальны канцэрт у пансіянаце.
Калектывы ЦБК выступалі на фестывалі беларускай песні і танца «ФЭСТ» у Дагдзе, на юбілеі горада Карсава, на польскім свяце вуліцы Варшавас, Свяце Даўгаўпілса, на свяце «Гуканне вясны» у Екабпілсе, на канцэрце нацыянальных культур да 100-годдзя Латвіі ў Даўгаўпілсе , на гарадскім свяце «Масленіца» і канцэрце Вялікадня.
ЦБК прымаў гасцей з Віцебска, Мінска, Полацка, Наваполацка, Міёраў, Браслава, Вісагінаса, Клайпеды, Калінінграда і інш..
А яшчэ гасцявалі самі за мяжой: «Пралескі» на фестывалі «Браслаўскія зарніцы» і на вечары да 100-годдзя паэта Паўла Пранузы ў Таліне; «Купалінка» на юбілеі культурнай сталіцы Беларусі 2018 года г.Наваполацка, на фестывалі беларускай песні ў Літве і на фестывалі «Песні Памежжа» у Вільнюсе; «Спадчына» на «Вішнёвым фестывалі» у Глыбокім і на фестывалі беларускай культуры «Белыя росы» у г.Гвардзейску Калінінградскай вобласці, «Лянок» на экафестывалі «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», дэлегацыя на Купаллі ў Тракаі.
Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім дзяржаўным універсітэтам ім.П.Машэрава і Цэнтрам беларускай культуры.
Усе гэтыя моманты жыцця дыяспары адлюстраваны на фотавыставе «2018 год у Беларускім доме», якая будзе адкрыта ў Беларускім доме ўвесь 2019 год.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры