19 снежня 2018 года ў даўгаўпілскім Дзённым цэнтры сацыяльнай службы «Saskarsme» адбыўся юбілейны творчы вечар паэткі Людмілы Вілюмы. З такой знамянальнай падзеяй – 90-годдзем, яе таксама прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».
Людміла Андрэеўна Вілюма – ураджэнка Беларусі, нарадзілася ў Магілёўскай вобласці і пражыла там да 1947 года. Яе жыццё падобнае на калейдаскоп з разнастайных фарбаў і адценняў. Нялёгкае дзяцінства, апаленае вайной юнацтва, цяжкі пасляваенны час, неаднаразовая змена месца жыхарства – усе гэтыя выпрабаванні нялёгкім цяжарам ляглі на яе плечы, але не зламалі дух, а наадварот, толькі загартавалі, зрабілі моцнай, высакароднай, выдатнай творчай асобай. Пасля ад'езду з роднай Беларусі доўгі час жыла ў Сібіры, а ў 1963 годзе пераехала ў Даўгаўпілс на пастаяннае месца жыхарства і з той пары гэты цудоўны горад для яе з'яўляецца родным.
Непадробленая інтэлігентнасць, творчы патэнцыял і прыгожы голас дасталіся ад бацькоў, якія маюць дваранскія карані; мама спявала вельмі прыгожа, і гэта перадалося Людміле, якая з дзяцінства палюбіла гэты занятак. Праўда, пісаць вершы яна пачала толькі з 2001 года, а складаць і спяваць песні на публіку яшчэ пазней. Але такі невялікі тэрмін творчай дзейнасці апынуўся вельмі плённым: у свет ужо выйшла 14 зборнікаў вершаў і два зборнікі песень.
Людміла Вілюма – член Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, член Рускай пісьменніцкай арганізацыі Даўгаўпілса, актыўны член беларускага таварыства «Уздым», часты госць Цэнтра беларускай культуры, дзе кожны творчы сезон праходзяць яе музычна-паэтычныя вечары. Л.Вілюма вельмі няўрымслівы чалавек з нястрымнай энергіяй, якой заражае ўсіх вакол.
І ёй пад стаць муж Яўціхій Кірылавіч Канаплёў. Абодва паэты, якія стварылі саюз не толькі на творчай ніве, але і ў жыцці, шчодра дзеляцца сваім душэўным цяплом і багаццем творчасці са сваімі сябрамі, чытачамі і прыхільнікамі. У 2015 годзе яны прысвяцілі 740-годдзю Даўгаўпілса зборнік песняў «Два сердца». Іх творчы саюз ведаюць не толькі ў Даўгаўпілсе, але і ў Латвіі, а таксама за яе межамі. На вечарыне Я.Канаплёў прысвяціў жонцы свае пранікнёныя вершы і песню.
Свята прайшло на вельмі пазітыўнай хвалі, у душэўнай перадкаляднай светлай атмасферы. Гераіня ўрачыстасці кранальна чытала свае вершы, спявала песні ўласнага сачынення, прымала віншаванні ад сваіх шматлікіх сяброў. Беларусы таксама не засталіся ў баку. Разам з цёплымі словамі ўдзячнасці ў прозе і ў вершах кветкі, падарункі, ганаровую падзяку ўручылі кіраўніца ЦБК і старшыня праўлення «Уздыма» Жанна Раманоўская, метадыст Марыя Памецька, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька, член праўлення «Уздыма» Вольга Паўловіч, сябры «Уздыма» - паэты Настасся Сазанкова, Павел Плотнікаў і інш..
Свята вельмі ўпрыгожыла выступленне харавой капэлы «Спадчына» Цэнтра беларускай культуры (мастацкі кіраўнік Яніна Юзэфовіч). Лірычныя і вясёлыя беларускія песні ў іх выкананні падпявала ўся зала на чале з Людмілай Андрэеўнай, якая свяцілася ад прынятых віншаванняў. І як лагічны рэфрэн гучаць радкі паэткі:
«Пусть Год надежд и жизни светлой,
Нам всходы счастья сберегая,
Откроет путь к мечте заветной,
Любовь и веру прославляя…»
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A