19 снежня 2018 года ў Даўгаўпілскім лядовым палацы прайшла прэзентацыя новага падарункавага календара «Daugavpils 2019». На мерапрыемства былі запрошаны ўдзельнікі культурных і спартыўных калектываў, якія трапілі на старонкі календара, у тым ліку і прадстаўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, якія таксама паспрабавалі сябе ў ролі фотамадэляў.
Ужо больш за дзесяць гадоў па ініцыятыве Даўгаўпілскай гарадской думы ў канцы года ствараецца прэзентацыйны каляндар. У эксклюзіўным календары 2019 года адлюстраваныя прадстаўнікі творчых калектываў на фоне папулярных месцаў горада і яго славутасцяў.
Адна са старонак календара прысвечана шматнацыянальнай культуры Даўгаўпілса. Старонку чэрвеня-месяца ўпрыгожвае фотаздымак прадстаўнікоў Цэнтраў латышскай, рускай, беларускай і польскай культур, якія паказваюць асаблівасці і разнастайнасць сваіх нацыянальных касцюмаў, іх маляўнічасць і самабытнасць. Вельмі сімвалічна, што фатаграфія зроблена на фоне сэрца – як сімвала любві да роднага горада; і ўзлятаючых галубоў – як сімвала міру і імкнення рухацца ўверх.
Аўтар фатаграфій – Джэйна Саўлітэ.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры