6 лістапада 2018 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя Пятра Машэрава і Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры. Ініцыятарам умацавання сувязяў з суайчыннікамі замежжа выступіў філалагічны факультут прэстыжнай ВНУ Беларусі.
У Віцебску пабывалі кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, старшыня Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька.
Дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта, прафесар Сяргей Мікалаенка адзначыў багатую гісторыю культурных сувязяў з беларускай дыяспарай Даўгаўпілса і перспектыўны працяг гэтай дзейнасці.
Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам падпісалі Жанна Раманоўская і рэктар універсітэта Аляксей Ягораў.
Затым адбылася сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта, на якой Жанна Раманоўская прэзентавала работу ЦБК і «Уздыма», а Станіслаў Валодзька выступаў са сваімі вершамі. Яго вершы чыталі таксама самі студэнты.
Цікавым было знаёмства з Народным літаратурным музеем універсітэта, якім загадвае дацэнт кафедры літаратуры Вольга Русілка.
Фонд музея папоўнілі кнігі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" і зборнікі вершаў С.Валодзькі. У сваю чаргу, разам з сувенірамі даўгаўпілчане атрымалі ў падарунак зборнік навуковых артыкулаў ВНУ пад назвай «Літаратурныя ўзаемасувязі Віцебшчыны і Латгаліі».
«Нашы калегі ў Латвіі папулярызуюць беларускую літаратуру і культуру. І гэта вельмі важна, бо гэта імідж нашай краіны, наша зацікаўленасць у тым, як ідзе развіццё беларускай літаратуры за мяжой. Мы робім адну і тую ж працу: мы - у Беларусі, яны - у Латвіі », - падкрэсліла В.Русілка.
«На жаль, у Даўгаўпілсе няма беларускай школы, таму круг карыстальнікаў беларускай мовы дастаткова вузкі, але мы ў Беларускім доме стараемся яе захаваць і папулярызаваць. Востра стаіць пытанне аб курсах беларускай мовы і вучэбнай праграме для дзяцей. Дапамогі ў гэтым мы можам шукаць толькі ў носьбітаў мовы, у Беларусі, у прафесійных педагогаў і філолагаў, якія распрацоўваюць методыкі на практыцы. Таму мы вельмі зацікаўлены ў плённым супрацоўніцтве з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам, які, дарэчы, у свой час закончылі многія актывісты беларускай дыяспары Даўгаўпілса», - пазначыла тэмы супрацоўніцтва Ж.Раманоўская.
У фінале сустрэчы Цэнтр беларускай культуры запрасіў на Міжнародны фестываль «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" 23-24 лістапада новых партнёраў – дэкана філалагічнага факультэта С.Мікалаенку і загадчыцу кафедры літаратуры Вольгу Лапацінскую.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры