12 кастрычніка 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылося адкрыццё персанальнай выставы карцін пад сімвалічнай назвай «Зачараванне зямнога быцця» і прэзентацыя чарговай новай кнігі "Понцій Пілат. Недзіцячыя казкі. Вершы" даўгаўпілскай паэткі і мастачкі, нязменнага кіраўніка Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Марыі Сафронавай.
Марыя Сафронава нарадзілася ў Літве, недалёка ад беларускай мяжы. Магчыма, таму ёй так блізкія беларуская культура, традыцыі і звычаі. М.Сафронава – часты госць у Беларускім доме, тут неаднаразова выстаўляліся яе карціны. Яна з'яўляецца актыўным членам даўгаўпілскага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым». Атрымала вышэйшую адукацыю, па спецыяльнасці – настаўнік гісторыі. У Даўгаўпілсе жыве з 1979 года.
Маляваць Марыя Сафронава любіла з дзяцінства, але сур'ёзна займацца жывапісам стала ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў, калі жыла ў Узбекістане, у горадзе Андыжане; скончыла факультатыўны курс па прыкладному ўсходняму мастацтву. Свае арыгінальныя карціны Марыя Сафронава піша алеем. На сённяшні дзень у творчым багажы мастачкі сем персанальных выстаў і ўдзел прыкладна ў 60-ці сумесных выставах, арганізаваных Асацыяцыяй свабодных мастакоў Латгаліі.
Марыя Сафронава – яскравая і шматгранная творчая асоба, якая валодае шматлікімі здольнасцямі і талентамі, якая мае свой мастацкі почырк і стыль. На выставе прадстаўлена 10 карцін на розныя тэмы, аб'яднаных не толькі адной рукой майстра, але і часцінкай яе душы, шчырасцю разам з глыбокім філасофскім сэнсам.
М.Сафронава захоплена распавядала пра сваё творчае жыццё, падрабязна спынілася на кожнай з карцін; а потым прадставіла гледачам і слухачам сваю новую кнігу, прачытала некалькі вершаў і расказала цікавыя гісторыі, якія ляглі ў аснову да іх напісання. Карэктар кнігі Ірына Страздоніка-Плячко распавяла пра тое, якой цікавай была іх сумесная праца над выпускам кнігі, падкрэсліла, якой неардынарнай асобай з'яўляецца аўтар кнігі.
З такімі вельмі значнымі падзеямі М.Сафронаву павіншавалі прадстаўніца Цэнтра рускай культуры Галіна Іванова, кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская, якая падзякавала мастачку за плённае супрацоўніцтва; член праўлення «Уздыма» Таццяна Дзянісава, а таксама шматлікія прыхільнікі яе таленту і сябры па творчым цэху – даўгаўпілскія паэты і мастакі.
Эмацыйныя апавяданні на прыгожай, мілагучнай літаратурным беларускай мове старэйшага работніка культуры, члена «Уздыма» Яўгеніі Гуляевай, арганізатара культурных мерапрыемстваў ЦБК Галіны Сантоцкай, якая прачытала вершы з новай кнігі і праспявала прыпеўкі, нікога не пакінулі абыякавымі.
«Художник, так же, как поэт,
Сюжет в себе переживает.
Он оставляет в душах след,
И вдохновляет, вдохновляет…»
Такім чатырохрадкоўем завяршыла творчае мерапрыемства вядучая вечара метадыст ЦБК Марыя Памецька, падзякаваўшы мастачцы за тое натхненне і тыя выдатныя эмоцыі, якія глядачы і слухачы атрымліваюць ад яе карцін і паэзіі.
А побач з паэзіяй і жывапісам рука аб руку ідзе музыка. Лірычныя беларускія песні ў выкананні вакальнага ансамбля ЦБК «Пралескі» і песні і вершы даўгаўпілскага барда Анатоля Галера вельмі арганічна ўпляліся ў сюжэт вечара і выклікалі шмат шчырых усмешак і апладысментаў ад удзячных слухачоў. Вечар атрымаўся разнастайным і цікавым.
Азнаёміцца з выставай М.Сафронавай можна будзе да 19 лістапада 2018 года ў памяшканні ЦБК (з 9.00 да 17.00) па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68 (уваход са двара).
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс,68-1A