16 верасня 2018 года ў г.Міёры Віцебскай вобласці (Беларусь) на фестывалі "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" з гадзіннай канцэртнай праграмай выступіў танцавальны ансамбль "Лянок" і салісты Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/262-belaruski-lyanok-zakruzhy-mijorski-festyval#sigProId2c770444e5
Паездкі на Мёрскі фестываль сталі традыцыйнымі і штогадовымі, і ажыццяўляюцца ў рамках падпісанай дамовы аб супрацоўніцтве паміж аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага райвыканкама і Цэнтрам беларускай культуры. Нас звязваюць даўнія партнёрскія і сяброўскія адносіны, дзякуючы чаму розныя творчыя калектывы ЦБК пабывалі ў гэтым цудоўным краі "журавін і жураўлёў".
Прадстаўнічую даўгаўпілскую дэлегацыю сустракалі Журавель і Журавінка. У Міёрах усюды лунаў вясёлы святочны настрой, гараджане і госці горада спяшаліся на паўвостраў, дзе і праходзіла святочнае гульянне. Цэлую гадзіну даўгаўпілскія беларусы радавалі ўсіх танцамі, песнямі, жартамі. Танцавальны калектыў "Лянок" (мастацкі кіраўнік Марына Медунецкая) народнымі запальнымі "Лявоніхай" і "Полькай беларускай" так завёў гледачоў, што многія пускаліся ў скокі. Яны ж пазнаёмілі гледачоў з латышскімі і латгальскімі танцамі. Маладзёжны танцавальны дуэт у складзе Людмілы Малыгінай і Валерыя Медунецкага прадставіў бальныя танцы - "Венскі вальс" і "Беларусь".
Вельмі арганічна ў праграму канцэрта ўліліся беларускія, латышскія і рускія песні ў выкананні салістаў Юліі Хмяльніцкай і Віталя Міхайлаўскага. Вядучая праграмы Галіна Сантоцкая вершамі, жартоўнымі падводкамі ўмела аб'яднала танцавальныя і песенныя нумары ў цікавую гадзінную канцэртную праграму, якую гледачы прымалі шчодрымі апладысментамі.
А потым дэлегацыю з Даўгаўпілса чакала шмат цікавых падзей. Тут былі і беларускія панадворкі з выставай-продажам вырабаў з саломкі і керамікі, вырабаў з дрэва, пачастункі з нацыянальных страў і, вядома ж, журавіны як аснова фестывалю. Асабліва запаў у душу макет калаўрота ў мініяцюры. Так і хацелася пакруціць кола і выпрасці тоненькую нітку, як гэта рабілі нашы матулі і бабулі.
А яшчэ была незабыўная экскурсія ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня". Ельня - гэта больш за 25 гектараў прыроды, баланс якой амаль не трывожылі людзі, гэта дзікае, старажытнае месца, створанае для таго, каб пра яго пісалі легенды і казкі, бо яму каля 9000 гадоў. Гэта самае вялікае верхавое балота ў Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе! Ельня глядзіць падарожніку прама ў сэрца 118 азёрамі і дае прытулак для 130 відаў птушак, у тым ліку для такіх рэдкіх, як чарназобыя гагары, арлан-белахвост і чорны бусел. А яшчэ Ельня - гэта да 6000 шэрых жураўлёў, якія кормяцца тут перад кожным сезонам міграцыі. Самае вялікае возера тут - Ельня, больш за 5 квадратных кіламетраў. Нядзіўна, што яна выклікае непадробленую цікавасць навукоўцаў, арнітолагаў, фатографаў і турыстаў.
Нашы вандроўнікі змаглі не толькі прайсці па адмыслова пабудаванай углыб балота сцежцы і палюбавацца прыроднымі прыгажосцямі, якія зачароўваюць, але самыя руплівыя нават паспелі сабраць па некалькі літраў неацэнна карыснай ягады - журавін. Паездка атрымалася на славу. Можаце сабе ўявіць, некаторыя артысты цяпер жывуць з марай ... пра балота!
Да новых сустрэч, запаведны Міёрскі край!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры