У сераду, 19 верасня 2018 года, у 17.30, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы карцін пад назвай «Что в имени моем ...» вядомай даўгаўпілскай паэткі і мастачкі, уладальніцы Ганаровай граматы Даўгаўпілскай гарадской думы і сярэбранага знака "Узнагарода года - 2014" Настассі Сазанковой.
Настасся Сазанкова – ураджэнка Беларусі, нарадзілася на Віцебшчыне. Закончыла медыцынскае вучылішча ў Полацку, потым дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у Мінску. Усё жыццё працавала доктарам і нават выпусціла кнігу пра лекавыя травы. Н.Сазанкова ўваходзіць у Асацыяцыю свабодных мастакоў Латгаліі, актыўны член культурна-асветніцкага таварыства "Уздым"; піша карціны і вершы, выдае кнігі, прымае ўдзел у працы Дзённага сацыяльнага цэнтра і гарадскіх мерапрыемствах.
«Забываючы імя – губляем сябе. Забываючы гісторыю – губляем Бацькаўшчыну. Захоўваючы памяць пра родны край, пакутуючы настальгіяй, нават далёка ад радзімы мы яе дачкі і сыны...», - гэтыя радкі Н.Сазанковай з прадмовы да яе гістарычнай паэмы «Яраслаў», прэзентацыя якой адбылася вясной гэтага года ў ЦБК, як нельга лепш падыходзяць і да тэмы мастацкай выставы, на якой будуць прадстаўлены як новыя карціны, так і тыя, што ўжо знаёмыя многім па ранейшых выставах.
Варта адзначыць, што ў Цэнтры беларускай культуры праходзілі прэзентацыі ўсіх кніг Н.Сазанковой, персанальныя выставы яе карцін. Вечары з удзелам гэтай творчай таленавітай асобы заўсёды праходзяць у вельмі цёплай, душэўнай атмасферы; тут можна будзе паслухаць беларускія песні, далучыцца да свету паэзіі, непасрэдна пагутарыць з аўтарам кнігі.
Выстава карцін «Что в имени моем...» будзе адкрыта ў ЦБК да 19 лістапада.
Сардэчна запрашаем вас на адкрыццё выставы, якое адбудзецца ў сераду, 19 верасня 2018 года, у 17.30, па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул. Алеяс,68 (уваход са двара).
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры