У пятніцу, 7 верасня 2018 года, у 18.00, у зале Даўгаўпілскага ўніверсітэта на вул.Парадэс, 1 пройдзе канцэрт адкрыцця новага творчага сезону Цэнтра беларускай культуры, прысвечаны беларускаму пісьменству і культуры.
Дзень ведаў, Дзень беларускага пісьменства, 400-годдзе беларускага буквара і 5-годдзе ансамбля "Спадчына" – столькі значных падзей музычнымі акордамі злучацца ў канцэрце пачатку новага творчага сезону, які Цэнтр беларускай культуры традыцыйна адкрывае ў верасні публічным мерапрыемствам.
Напрыклад, вы ведаеце, што 400 гадоў таму беларусы першымі надрукавалі буквар, і адбылося гэта пад Вільняй у Вялікім княстве Літоўскім? З улікам гэтай і іншай цікавай інфармацыі будзе пабудавана канцэртная праграма, у якой прымуць удзел усе творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка", танцавальны ансамбль "Лянок", харавая капэла "Спадчына", вакальны ансамбль "Пралескі", тэатральная студыя "Паўлінка" і ансамбль акардэаністаў "Квітнеючы май".
Яркі канцэрт з песень на беларускай, латышскай, рускай мовах, запальныя танцы і лірычныя вершы даставяць вам, дарагія гледачы, шмат прыемных эмоцый і добрага настрою! Чакаем вас на адкрыццё новага творчага сезону ЦБК у пятніцу, 7 верасня 2018 года, у 18.00, па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Парадэс, 1, Даўгаўпілскі ўніверсітэт.
Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры