19 чэрвеня 2018 года дыпломы прафесійных магістраў урачыста атрымалі выпускнікі Гуманітарнага факультэта Даўгаўпілскага універсітэта. У іх ліку - Дагнія Літвіноўская, кіраўніца гаспадарчай часткі Цэнтра беларускай культуры, і Ірына Апейнанэ, арганізатар культурных мерапрыемстваў Цэнтра беларускай культуры. Віншуем!
Ірына Апейнанэ і Дагнія Літвіноўская паспяхова сумяшчалі вучобу на праграме «міжкультурныя адносіны» у Даўгаўпілскім універсітэце з працай у Цэнтры беларускай культуры (ЦБК).
Ірына Апейнанэ сваю дыпломную працу прысвяціла беларускай культуры, а менавіта «Беларуская кухня ў разуменні жыхароў Даўгаўпілса». Студэнтка пры напісанні навуковай працы ў тым ліку размаўляла на тэму нацыянальных страў з членамі Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» і выкарыстоўвала літаратуру з бібліятэчнага фонду ЦБК.
Дагнія Літвіноўская даследавала латышскую культуру - «Латышскія этнаграфічныя знакі ў жыцці сучаснага чалавека».
Абедзве магістарскія працы атрымалі самую высокую адзнаку -10 балаў! Узнагародай за працавітасць і мэтанакіраванасць сталі дыпломы прафесійных магістраў па кваліфікацыі «менеджэр міжкультурных адносін».
Дарагія Ірына і Дагнія, сардэчна віншуем са сканчэннем Даўгаўпілскага універсітэта і атрыманнем ступені магістра! Жадаем поспехаў у далейшай дзейнасці, падтрымкі сяброў і блізкіх, сілы і ўпэўненасці ў сабе!
Навінны сюжэт «Латгальскага рэгіянальнага тэлебачання» аб выпускным вечары ў ДУ можна паглядзець тут: https://www.youtube.com/watch?v=YRiOjbZFdYA
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры